Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэрліне антыфашысты дамагліся, каб нэанацысты адмовіліся ад шэсьця


Бэрлін. Ілюстрацыйнае фота.

Нэанацысты адмовіліся ў суботу, 18 жніўня, ад заплянаванага маршу ў адміністрацыйнай акрузе Бэрліну — Шпандаў — у памяць пра паплечніка Адольфа Гітлера, Рудольфа Геса. Пра гэта паведаміла нямецкае выданьне Spiegel Online са спасылкай на паліцыю.

Прычынай паслужыла правядзеньне антыфашыстамі шматлікай акцыі ў тым жа раёне. Па дадзеных арганізатараў мерапрыемства, «Бэрлінскага саюзу супраць правых», каля дзьвюх тысяч чалавек сабраліся там на «сьвята ў падтрымку дэмакратыі».

Многія прынесьлі з сабой паветраныя балёнікі з надпісамі: «Нацыстам — няма месца». Пэнсіянэры выйшлі з транспарантамі: «Бабулі — супраць правых», «У Шпандаў нацыстаў ня будзе».

Пасьля адмены маршу ў Шпандаў нэанацысты паведамілі, што далучацца да сваіх прыхільнікаў у іншым бэрлінскім раёне — Фрыдрыхсхайне, на ўсходзе нямецкай сталіцы. Там правыя экстрэмісты анансаваны яшчэ адну акцыю з нагоды 31-й гадавіны сьмерці Рудольфа Геса. Заяўка на яе правядзеньне была складзена такім чынам, што ў нямецкіх уладаў не знайшлося законных падстаў для яе забароны.

Рудольф Гес быў бліжэйшым паплечнікам Адольфа Гітлера, намесьнікам фюрэра ў партыі, рэйсхміністрам без партфэля. Ён быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне Нюрнбэрскім трыбуналам. Скончыў жыцьцё самагубствам 17 жніўня 1987 году ў турме для ваенных злачынцаў у Шпандаў, дзе ён быў тады адзіным зьняволеным. Каб турма ня стала аб’ектам культу нэанацыстаў, яе зьнесьлі ў тым жа 1987 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG