Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве каталікі набылі арган. Спадзяюцца, што ўлада верне ім будынак касьцёла


Асьвячае арган арцыбіскуп Габар Пінтэр
Асьвячае арган арцыбіскуп Габар Пінтэр

У магілёўскім касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі пасьля больш як 50 гадоў зьявіўся мэханічны арган. На інструмэнт 1928 году, набыты ў Галяндыі намаганьнямі мясцовага біскупа Аляксандра Яшэўскага, пайшло 26 тысяч эўраў. 15 жніўня арган асьвяціў апостальскі нунцый у Беларусі Габар Пінтэр. Дзе той арган, які вывезьлі з Магілёва за савецкім часам, у 1956 годзе, невядома.

Набыты магілёўскімі каталікамі арган
Набыты магілёўскімі каталікамі арган

Гісторыя магілёўскага аргана паводле біскупа Аляксандра Яшэўскага

— Яшчэ ў XIX стагодзьдзі ў магілёўскім касьцёле Ўнебаўзьзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ўжо быў арган.

— У 1912 годзе стары інструмэнт замянілі іншым, з унікальнымі керамічнымі трубкамі. Такія арганы ў сьвеце, акрамя Магілёва, мелі каталікі ў Ватыкане, Варшаве ды Мэхіка.

— У 1956 годзе арган разабралі і вывезьлі. Зьвестак, дзе ён, няма.

— Ад 1990 году, калі касьцёл перадалі каталіцкай супольнасьці, у сьвятыні граў электронны арган.

— Асьвячоны 15 жніўня арган вырабіў у гатычным стылі ў Галяндыі майстар Леон Вэрсхюрэн дэ Гэйтгёйсэн​. Інструмэнту 90 гадоў. Прывезены ў Магілёў інструмэнт майстар збудаваў сорак восьмым. Ягоная фірма была заснаваная ў 1891 годзе.

Набылі арган «за сымбалічную цану»

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі пачаў шукаць арган для магілёўскай сьвятыні ў 2016 годзе. Праз год, кажа сьвятар, ксёндз-канонік Аляксандар Раманчук высьветліў, што ў касьцёле галяндзкага гораду Эйндговэн ёсьць патрэбны інструмэнт на продаж. Экспэрты параілі яго набыць. Разьбіралі яго ў Галяндыі і зьбіралі ў Магілёўскай катэдры адмыслоўцы з Польшчы.

Біскуп Аляксандар Яшэўскі
Біскуп Аляксандар Яшэўскі

Паводле біскупа Аляксандра Яшэўскага, набыць арган удалося «за сымбалічную цану» 10 тысяч эўраў. Яшчэ 16 тысяч даляраў каштавалі перавоз, рамонт і ўсталяваньне інструмэнта ў касьцёле.

«Гэта была мая ініцыятыва і мае намаганьні. Я шукаў дзе толькі магчыма патрэбныя сродкі, але не хачу прыпісваць заслугі ў набыцьці аргана сабе. Без добразычлівасьці і дапамогі іншых людзей мае намаганьні ніколі не рэалізавалася б», — сказаў у інтэрвію Свабодзе біскуп Яшэўскі.

Біскуп Яшэўскі: «Арган упрыгожыць набажэнствы і ўзбагаціць духоўнае ды культурнае жыцьцё рэгіёну»

На асьвячэньне аргана ў касьцёл прыйшлі некалькі тысяч вернікаў. Узначаліў набажэнства апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Прысутнічалі амбасадар Польшчы Артур Міхальскі ды прадстаўнікі гарадзкой улады.

У касьцёле падчас літургіі
У касьцёле падчас літургіі

«Новы арган будзе ўпрыгожваць ня толькі набажэнствы ў старажытнай катэдральнай сьвятыні, але паслужыць узбагачэньню духоўнага і культурнага жыцьця Магілёўскага рэгіёну», — падкрэсьліў у вітальным слове да грамады Аляксандар Яшэўскі.

У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды ён заўважыў: без аргана не адбываецца ніводнае набажэнства. «Гэты інструмэнт, — кажа сьвятар, — дапамагае ня толькі лепш сьпяваць, але і ўзносіць свае думкі да Бога».

Будынак касьцёла ў камунальнай уласнасьці. Доўгі час вернікі дамагаюцца ад улады, каб сьвятыню ім вярнулі, але пакуль марна. Біскуп Аляксандар Яшэўскі перакананы, што некалі касьцёл стане ўласнасьцю каталіцкай супольнасьці.

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава

«Мы ідзём у тым кірунку і вядзём перамовы, — кажа сьвятар. — Калісьці сьвятыня была ўжо перададзеная вернікам, але пасьля суд зь нейкай прычыны вярнуў яе ў гарадзкую ўласнасьць. Верым, што нам вернуць будынак касьцёла, бо гістарычна ён наша маёмасьць».

Узьведзены ў 1752 годзе касьцёл Найсвяцейшай Панны Марыі савецкая ўлада зачыніла ў 1937 годзе. Маёмасьць разрабавалі, а ў будынку разьмясьцілі гістарычны архіў. У 1946 годе тут быў склад. Ад 1964 да 1986 году — зноў архіў. Інтэр’ер касьцёла на той час быў зьнішчаны. Яго часткова аднавілі, калі сьвятыню перадалі вернікам. У 1996 годзе касьцёл нанава асьвяціў кардынал Казімер Сьвёнтак. У 2017 годзе на касьцёле зьявіліся званы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG