Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне заканадаўча зацьвердзілі наяўнасьць трэцяга полу


У будучыні ў запісах актаў грамадзянскага стану Нямеччыны зьявіцца трэці варыянт для ўказаньня полу. 15 жніўня ўрад краіны ўхваліў законапраект аб увядзеньні магчымасьці для ўказаньня «трэцяга полу» пры рэгістрацыі актаў аб нараджэньні. Пра гэта паведамляе «Нямецкая хваля».

Такім чынам людзі, якія не зьяўляюцца адназначна прадстаўнікамі жаночага ці мужчынскага полу, атрымаюць магчымасьць запісаць у адпаведнай графе варыянт «розны» (ням. «Divers»). Да гэтага часу існавала толькі магчымасьць пакідаць гэтую графу незапоўненай, гэты варыянт пасьля прыняцьця законапраекту працягне існаваць.

Камэнтуючы законапраект, міністарка юстыцыі Нямеччыны Катарына Барлей падкрэсьліла, што ні адзін чалавек не павінен зазнаваць дыскрымінацыю з-за сваёй сэксуальнай ідэнтычнасьці, і мадэрнізацыя закону аб грамадзянскім стане насьпела ўжо даўно. У сваю чаргу міністарка ў справах сям’і Францыска Гіфэй заявіла, што ўсе людзі павінныя мець магчымасьць вызначаць сваю полавую ідэнтычнасьць і сэксуальную арыентацыю.

Законапраект быў падрыхтаваны пасьля рашэньня Фэдэральнага канстытуцыйнага суду. У лістападзе 2017 году ён пастанавіў, што ў запісах актаў грамадзянскага стану павінна быць створаная магчымасьць для ўказаньня іншага варыянту, акрамя жаночага ці мужчынскага полу. Суд у Карлсруэ ўказаў, што дзеючыя нормы парушаюць забарону дыскрымінацыі, замацаваную ў Канстытуцыі Нямеччыны.

Суд абавязаў замацаваць рашэньне заканадаўча да 31 сьнежня 2018 году.

Рашэньне суду ў Карлсруэ стала адказам на скаргу прыватнай асобы, якая раней у некалькіх інстанцыях беспасьпяхова спрабавала ўнесьці выпраўленьні ў запіс аб сваім нараджэньні — у графе «пол» замест «жаночы» упісаць «розны». Згодна адмысловай мэдычнай экспэртызе, чалавек, які падаў скаргу, не зьяўляўся ні мужчынам, ні жанчынай.

Нямецкая Рада па этыцы мяркуе, што ў Нямеччыне пражываюць каля 80 тысяч інтэрсэксуалаў — людзей зь недастаткова пэўнымі полавымі прыкметамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG