Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны ЗША: Касьмічныя войскі патрэбныя для абароны ад Расеі і Кітая


Касьмічныя сілы неабходныя Злучаным Штатам для абароны амэрыканскіх спадарожнікаў ад зброі, якую распрацоўваюць Кітай і Расея. Пра гэта заявіў міністар абароны ЗША Джэймс Мэціс падчас візыту ў Бразылію, паведамляе The Washington Post.

Нагадаўшы аб тым, як у 2007 годзе Кітай дэманстратыўна зьнішчыў ракетай адзін са сваіх нядзейных спадарожнікаў, міністар назваў гэты эпізод «пасланьнем» на адрас Вашынгтона. З тых часоў, адзначыў чыноўнік, амэрыканская выведка назірае «за тым, як іншыя краіны, у тым ліку Расея, разьвіваюць свае наступальныя магчымасьці ў космасе».

Ён запэўніў, што ў Пэнтагона няма плянаў па разьмяшчэньні зброі ў космасе, аднак падкрэсьліў, што амэрыканскія ваенныя «ня стануць сядзець склаўшы рукі», калі праціўнікі паспрабуюць перагарадзіць Амэрыцы доступ да касьмічнай прасторы. Мэціс палічыў за лепшае захаваць у сакрэце канкрэтныя захады, якія ЗША рыхтуюць агрэсарам.

Пазыцыя Мэціса пацьвярджаецца падазрэньнямі, якія ў дачыненьні да Масквы напярэдадні выказала памочнік дзяржсакратара ЗША па пытаньнях кантролю над узбраеньнямі Ілім Поблет. Яна паведаміла, што Расея распрацоўвае проціспадарожнікавыя ракеты і мабільныя лазэрныя сыстэмы. Паводле яе, у кастрычніку летась расейскія вайскоўцы вывелі на арбіту «спадарожнік-інспэктар», які вядзе сябе «вельмі ненармальна».

Заявы Мэціса і Поблет прагучалі праз некалькі дзён пасьля таго, як віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс анансаваў пляны стварэньня да 2020 году ў ЗША шостага асобнага роду войскаў — Касьмічных сіл.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG