Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што беларусаў могуць не ўпусьціць у Ізраіль. Нават зь «бязьвізам»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Некаторыя беларусы наракаюць, што іх не пусьцілі ў Ізраіль, зь якім у Беларусі ўжо амаль тры гады дзейнічае бязьвізавы рэжым. Свабода спрабавала разабрацца ў сытуацыі.

Бязьвізаваму рэжыму паміж Беларусьсю і Ізраілем амаль тры гады

26 лістапада 2015 году паміж Беларусьсю і Ізраілем пачаў дзейнічаць бязьвізавы рэжым. Адпаведнае міжурадавае пагадненьне было падпісана ў Менску ў верасьні 2014 году.

Беларусы могуць знаходзіцца на тэрыторыі Ізраілю бязь візы 90 дзён цягам 6 месяцаў з даты першага ўезду. Столькі ж грамадзяне Ізраілю могуць гасьцяваць у Беларусі.

Цяпер міграцыйныя службы Ізраілю самі вырашаюць, пускаць пэўнага грамадзяніна Беларусі ў сваю краіну ці не. Дзеля гэтага пры перасячэньні ізраільскай мяжы праводзіцца асабістая гутарка. Беларускім грамадзянам рэкамэндуецца дакладна называць мэты і тэрміны сваёй паездкі.

Міністэрства замежных спраў Беларусі рэкамэндавала грамадзянам, якія зьбіраюцца наведаць Ізраіль бязь візаў, мець пры сабе зваротны білет з дакладнай датай выезду назад у Беларусь, мэдычны поліс і дастаткова грошай. Калі паездка турыстычная, то трэба назваць гатэль, дзе будзе спыняцца грамадзянін Беларусі, а калі мэты паездкі бізнэсовыя ці асабістыя, то пажадана мець пры сабе ксэракопію запрашэньня з ізраільскага боку. Гэта дазволіць пазьбегнуць усялякіх непаразуменьняў на мяжы.

«Нашы турысты едуць туды ўсьляпую»

У рэдакцыю Свабоды зьвярнулася Натальля з Гомельскай вобласьці, якую ізраільскія памежныя службы вярнулі назад у Беларусь. Натальля накіроўвалася на міжземнаморскае ўзьбярэжжа ў Натанію па турыстычнай пуцёўцы, набытай у менскай фірме «Экатур-6». Аднак у аэрапорце Тэль-Авіву «Бен-Гурыён» у яе пачаліся праблемы.

Аэрапорт Бен Гурыён
Аэрапорт Бен Гурыён

«Зрабілі гэты бязьвізавы рэжым, і атрымліваецца, што нашы турысты едуць туды ўсьляпую. Бо прычыны для пропуску насамрэч незразумелыя. У мяне была аплачаная на сем дзён турыстычная пуцёўка, квіткі туды і назад, страхоўка. Аднак на мяжы ў Ізраілі палічылі, што гэтага недастаткова, каб наведаць іх краіну», — сказала Натальля.

Пуцёўка каштавала 1416 рублёў, квіткі — 420 эўра. У выніку турфірма вярнула жанчыне толькі 50% кошту гэтай няўдалай паездкі. Натальля кажа, што перад паездкай у турфірме яе супакойвалі, што ўсё будзе добра.

«Са мной дэпартавалі яшчэ адну дзяўчыну зь Менску, якая таксама ляцела ў гэтым жа самалёце. Яна ехала на лячэньне і мела выклік з ізраільскай клінікі, а таксама накіраваньне нашых лекараў, купіла квіткі і ўзяла грошы на гатэль. Але ёй і мне сказалі, што мы, маўляў, кандыдаты на нелегальную працу», — сказала Натальля.

Муж Натальлі, які стаў беспрацоўным у Беларусі, у сакавіку легальна паехаў на працу ў Ізраіль. І каб у Натальлі не было праблемаў зь перасячэньнем мяжы, ён мусіў узяць дазвол на яе візыт у ізраільскім Міністэрстве ўнутраных спраў. Як высьветлілася, такога дазволу не было.

«Не, мы пра гэта нават і ня думалі. Я ехала абсалютна аўтаномна, набыла білеты — і ўсё. Паліцыя мне сказала: вы, маўляў, нашкодзілі свайму мужу. Паколькі вас дэпартавалі, то мы наўрад ці прадоўжым яму дазвол на працу».

Паводле Натальлі, у адной сямейнай пары на мяжы папрасілі заклад у 8 тысяч эўра. Пасьля таго як грамадзяне Ізраілю, да якіх яны ехалі ў госьці, унесьлі гэты заклад, сям’ю прапусьцілі ў краіну.

«Мой муж мог знайсьці знаёмых, за мяне патрабаваўся заклад у 2 тысячы эўра. Але я баялася, ці вернуць яны гэтыя грошы. Пасьля гэтага стрэсу я ўжо хацела толькі дахаты», — сказала Свабодзе жанчына.

«Лётнішча аэрапорту Бен-Гурыён»
«Лётнішча аэрапорту Бен-Гурыён»

Калі трэба мець дазвол МУС

У ізраільскай амбасадзе ў Менску карэспандэнту Свабоды сказалі, што не вядуць улік колькасьці грамадзян Беларусі, якіх не прапусьцілі на мяжы ў Ізраіль.

Не існуе і адмысловага дакумэнту, у якім бы па пунктах пералічваліся прычыны, дзеля якіх беларуса могуць завярнуць назад. У амбасадзе, аднак, назвалі тыповыя сытуацыі, калі грамадзянін Беларусі можа ня трапіць у Ізраіль.

  • Калі, напрыклад, грамадзянін Ізраілю ажаніўся зь беларускай грамадзянкай, якая ня мае права на рэпатрыяцыю, то яна ўяжджае да яго толькі па дазволе МУС Ізраілю. Калі яна паедзе без такога дазволу, то яе завернуць.
  • Калі ў чалавека ў Ізраілі блізкі сваяк (напрыклад, працуе па кантракце) і ён едзе да яго, але гэта не аформлена адмысловым чынам, то яго завернуць.

Адмыслова аформіць — гэта пайсьці ў Міністэрства ўнутраных спраў Ізраілю, якое якраз займаецца ўездам у краіну. Памежная паліцыя Ізраілю падпарадкоўваецца менавіта МУС. Калі людзі ў Ізраілі хочуць бачыць сваіх сваякоў ці сяброў і чамусьці сумняваюцца, што іх упусьцяць, яны павінны пайсьці ў МУС і аформіць дазвол на іх уезд.

Пячатка ізраільскіх памежнікаў у пашпарце
Пячатка ізраільскіх памежнікаў у пашпарце

«Фокус заключаецца ў тым, што яны заплацяць за гэта заклад. Але гэта заклад, а ня плата. То бок калі госьці паедуць з Ізраілю назад, то заклад ім вернуць. Заклад вялікі, у залежнасьці ад таго, хто едзе. Калі чалавек нешта парушыць у Ізраілі, то заклад ня вернуць», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў амбасадзе Ізраілю ў Менску.

Беларуса могуць не ўпусьціць у Ізраіль, калі памежная паліцыя падазрае, што чалавек насамрэч едзе ў Ізраіль нелегальна працаваць.

«Канечне, памежнікі таксама памыляюцца, але яны не абавязаныя тлумачыць. Яны проста не дазваляюць уехаць. Таму мы рэкамэндуем загадзя пракансультавацца з МУС», — сказалі ў амбасадзе.

Там дадалі, што калі чалавек ужо быў у Ізраілі і парушыў законы, знаходзіцца ў базе парушальнікаў — то яго таксама ня пусьцяць праз мяжу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG