Арганізатары фэстывалю «Камяніца» абвясьцілі поўны сьпіс артыстаў, якія выступяць 1 верасьня на галоўнай сцэне. Гледачоў у нацыянальных строях прапусьцяць бясплатна.
Фэстываль традыцыйна адбудзецца на тэрыторыі Музэя народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Менскам.
Юбілейная, дзясятая па ліку, «Камяніца» зьбярэ на адной сцэне выканаўцаў, якія сталі сымбалямі беларускай музыкі, гэтым разам ня толькі фольк-выканаўцаў.
Гледачоў чакаюць выступы гурту сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса», этна-трыё «Троiца», рок-музыкі Лявона Вольскага (у дуэце з Паўлам Аракелянам), сьпевака Зьмітра Вайцюшкевіча разам з WZ-Orkiestra і фолк-мэтал гурту Trollwald (былы Litvintroll).
Замежнымі гасьцямі фэстывалю будуць фолк-гурты Joryj Kloc (Украіна) і «Тесто» (Расея).
«Мы робім усё, каб гэты фэстываль стаў найлепшым за дзесяць гадоў па ўсіх парамэтрах: ад артыстаў да забаваў і фудкорту. Каб усім гасьцям — і дарослым, і дзецям — было цікава і камфортна. Заплянавана некалькі сцэн, шмат розных пляцовак і прыгожых выступаў», — паведаміў каардынатар фэстывалю Алег Пашак.
Фэстывальная пляцоўка адчыніцца 1 верасьня ў 11:00. Музычная і забаўляльная праграмы стартуюць ў 12:00. Гледачоў у нацыянальных строях прапусьцяць бясплатна.
«Камяніца» — традыцыйны міжнародны фольк-фэстываль, які з 2009 году традыцыйна праходзіць у Музэю народнай архітэктуры і побыту (в. Азярцо). Грошы ад фэсту дапамагаюць музэю падтрымліваць найбуйнейшую ў Беларусі калекцыю вясковай драўлянай архітэктуры XVIII-XX стагодзьдзяў. Традыцыйна падчас фольк-фэсту «Камяніца» працуюць мастацкія выставы, майстар-клясы, свае працы прэзэнтуюць рамесьнікі.
Падчас фэстывалю ня раз было, што міліцыянты правяралі вырабы рамесьнікаў і гандляроў на прадмет «забароненай» прадукцыі — бел-чырвона-белых сьцягоў ці «Пагоні», не прапускалі наведнікаў у майках з «Пагоні» і патрабавалі ад іх зьняць майкі.