Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы галоўны ідэоляг Менску ўзначаліў «Кінавідэапракат»

На пасаду генэральнага дырэктара УП «Кінавідэапракат» Менгарвыканкаму прызначаны Павал Скалабан, паведамляе агенцтва «Минск-Новости».

Раней Скалабан займаў пасаду начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы і ў справах моладзі Менскага гарвыканкаму. На гэтай пасадзе яго зьмяніў Сяргей Шэндзік, які быў першым намесьнікам начальніка ўпраўленьня.

У якасьці галоўнага ідэоляга Менгарвыканкаму Павал Скалабан сярод іншага запомніўся тым, што менавіта ён быў адказны за забарону выступаў гурту Dzieciuki і ягонага лідэра Алеся Дзянісава. У адказе чыноўніка было напісана, што «музыкі — экстрэмісты і ўяўляюць пагрозу для беларускага грамадзтва».

Беларускі музычны партал Tuzinfm.by нават падаваў у Эканамічны суд Менску заяву з просьбай прызнаць незаконнымі дзеяньні Паўла Скалабана, які не дазволіў жывую прэзэнтацыю сольнага альбому Алеся Дзянісава.

Гурт «Дзецюкі» зьявіўся толькі ў 2012 годзе, і ўжо першыя ягоныя канцэрты сутыкнуліся з забаронаю. Пакуль не было магчымасьці выступаць у Беларусі, музыкі аб’езьдзілі Польшчу, Нямеччыну, Аўстрыю, Чэхію, Славаччыну, дзе распавядалі сваімі песьням пра беларускую гісторыю — выключна на беларускай мове. Dzieciuki сталі найлепшай камандай на беларускай незалежнай сцэне ў 2014 годзе. ​

Пасада дырэктара «Кінавідэапракату» заставалася вакантнай амаль год, пасьля самагубства былога кіраўніка Юрыя Чачукевіча.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG