Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крычаўскім раёне атруціліся работнікі прадпрыемства па вырошчваньні грыбоў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Крычаўскім раёне атруціліся работнікі прадпрыемства па вырошчваньні грыбоў шыітаке. Некаторыя з пацярпелых знаходзяцца ў рэанімацыі, піша Tut.by. Пра гэта ў рэдакцыю Tut.by паведамілі чытачы. Інфармацыю пацьвердзілі ў Крычаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Здарэньне адбылося на прадпрыемстве «Інфэн» у Крычаўскім раёне. Цяпер у Крычаўскай цэнтральнай раённай бальніцы знаходзяцца 4 пацярпелыя работнікі прадпрыемства.

«У нас толькі моцна цяжкія, у іх тэмпэратура, алергія, некаторыя знаходзяцца ў рэанімацыі. А так ідуць праз паліклініку, амбуляторнае лячэньне», — удакладнілі ў бальніцы.

Яўгенія Шаўцова, стараста ў аграгарадку Красная Буда, які знаходзіцца непадалёк ад прадпрыемства па вырошчваньні грыбоў, распавяла, што праблемы са здароўем у яго работнікаў «пачаліся 3-4 дні таму». Яе суседка, якая працуе на прадпрыемстве, цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі цэнтральнай раённай бальніцы Крычава.

Паводле Шаўцовай, на «Інфэн» працуе «нямала жыхароў бліжэйшых населеных пунктаў».

На прадпрыемстве абвяргаюць інфармацыю пра тое, што работнікі прадпрыемства патрапілі ў рэанімацыю з прыкметамі атручваньня, паведамляе БелаПАН.

Па словах прадстаўніцы ТАА «Інфэн», работнікі знаходзяцца ў бальніцы, «і ў іх не атручваньне грыбамі, а вострая рэсьпіраторная вірусная інфэкцыя». «Наколькі я ведаю, там знаходзяцца чатыры чалавекі», — адзначыла суразмоўца.

У прыёмнай Крычаўскай цэнтральнай раённай бальніцы БелПАН адмовіліся камэнтаваць сытуацыю. «Мы такой інфармацыі па тэлефоне не даем, толькі па запыце», — сказалі ў прыёмнай.

Прадпрыемства па вырошчваньні грыбоў шыітаке ў Крычаўскім раёне — на тэрыторыі, дзе раней знаходзілася вайсковая частка, — у ліпені 2018 году запусьцілі кітайцы — Цзянсуская карпарацыя па замежным супрацоўніцтве (JOC). На новым прадпрыемстве плянавалася стварыць каля 100 працоўных месцаў, а грыбы зьбіраліся пастаўляць на кітайскі і беларускі рынкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG