Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебскай вобласьці сьледчыя дапамагаюць зьбіраць ураджай


Сьледчыя Сеньненскага і Талачынскага раённых аддзелаў дапамагаюць падчас уборачнай кампаніі аграрыям рэгіёну, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік Упраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Сьвятлана Сахарава.

Супрацоўнікі Сеньненскага і Талачынскага раённага Ўпраўленьня Сьледчага камітэту 11 жніўня працавалі на цэнтральным збожжатаку гаспадаркі «Дружбінец» ў Сеньненскім раёне.

Як вынікае з паведамленьня, «не па спэцыяльнасьці» сьледчыя Сеньнецкага і Талачынскага раёнаў працуюць ужо ня першы год.

«У зернесушыльным комплексе да аптымальнай вільготнасьці падыходзілі збожжавыя, якія трэба было транспартаваць да месца ачысткі і наступнага захоўваньня. Для некаторых сьледчых вопыт падобнай працы, атрыманы ў мінулым годзе, дапамог хутка і якасна выканаць працу. За некалькі гадзін яны адгрузілі каля 6 т збожжавых, падрыхтаваўшы пляцоўку для новага ўраджаю», — распавяла Святлана Сахарава.

1 жніўня прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас азнаямленьня з арганізацыяй уборкі збожжавых у Менскім раёне запатрабаваў прыкласьці «максымум напружаньня», каб «сабраць да зярнятка тое, што мы сёньня выгадавалі» і каб ураджай у краіне сёлета быў як мага большы.

А напярэдадні стала вядома, што на «бітву за ўраджай» накіравалі беларускіх вайскоўцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG