У Берасьці сьледчыя высьвятляюць абставіны ДТЗ з удзелам вайсковага аўтамабіля, піша Tut.by са спасылкай на прадстаўніка Сьледчага камітэту Дзьмітрыя Іванюка.
29 ліпеня салдат тэрміновай службы ехаў на вайсковым «Урале» ў Берасьці па вуліцы Ковельскай у кірунку вуліцы Жукава. Падчас руху вайсковец зьбіў 67-гадовага пешахода, які пераходзіў дарогу на нерэгуляваным пераходзе. Пацярпелы памёр у шпіталі.
Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за парушэньне правілаў кіраваньня баявой ці спэцыяльнай машынай, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека. Паводле ч. 2. арт. 464 гэта прадугледжвае:
- да 2 гадоў абмежаваньня па вайсковай службе;
- да 5 гадоў турмы.
У якой менавіта частцы служыць салдат, не паведамляецца. Вядома, што частка адносіцца да Берасьцейскага гарнізону.