Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Радыё Свабода заклікаў спыніць перасьлед журналістаў у Туркмэністане


Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Том Кент

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода падтрымлівае рашэньне камітэту ААН па правах чалавека аб прызнаньні Туркмэністане адказнай за сьмерць журналісткі Агулсапар Мурадавай. Гэтае рашэньне асабліва важнае ў сьвятле працягу ціску з боку ўладаў на карэспандэнтаў Туркмэнскай службы Радыё Свабода.

З такой заявай выступіў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Том Кент.

«Мы вітаем рашэньне ААН, якое пацьвярджае даўнія высновы праваабарончых арганізацый: сьмерць Агулсапар Мурадавай была палітычна матываваным злачынствам з боку туркмэнскіх уладаў з-за яе праваабарончай дзейнасьці», — сказаў Кент.

Разам з тым, прэзыдэнт Радыё Свабода адзначыў, што і праз 12 гадоў туркмэнскія журналісты па-ранейшаму церпяць ад перасьледу ўладаў і рызыкуюць свабодай праз сваю прафэсійную дзейнасьць. Кент заклікаў спыніць перасьлед журналістаў.

Агулсапар Мурадава
Агулсапар Мурадава

Агулсапар Мурадава — сузаснавальніца праваабарончай арганізацыі «Туркмэнскі Хэльсынскі фонд». З 2004 году яна працавала карэспандэнтам Туркмэнскай службы Радыё Свабода. Яе арыштавалі ў сярэдзіне чэрвеня 2006 году пасьля кантакту з францускімі журналістамі, якіх улады потым абвінавацілі ў шпіянажы. Паводле праваабаронцаў, арышт журналісткі правялі без складаньня пратаколу і прад’яўленьня абвінавачваньняў. Да яе таксама не дапускалі адвакатаў. Слуханьні па справе адбыліся ў Ашхабадзе і праходзілі ў закрытым рэжыме. Сваю віну журналістка не прызнала. Яна загінула ў зьняволеньні пры нявысьветленых абставінах у верасьні 2006 году. Пры апазнаньні сваякі ўбачылі на целе журналісткі шматлікія траўмы. Улады Туркмэністану сваю датычнасьць да гібелі Мурадавай не прызналі.

Праваабарончыя арганізацыі называлі справу Мурадавай палітычна матываванай і неаднаразова выступалі з патрабаваньнем незалежнага расьсьледаваньня абставінаў яе сьмерці.

3 жніўня 2018 году камітэт ААН па правах чалавека прызнаў Туркмэністан адказнай за катаваньні і сьмерць Мурадавай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG