Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідэалягічная падрыхтоўка да нейкіх новых падзей» — як у Расеі асьвятляюць затрыманьні журналістаў у Менску


Асноўныя інфармацыйныя рэсурсы суседняй краіны паведамляюць пра затрыманьні журналістаў у Беларусі пераважна ў інфармацыйным ключы, без ацэнак і праяў асуджэньня або салідарнасьці.

Інфармацыя пераважна падаецца паводле афіцыйных беларускіх крыніц з цытатамі заяў Сьледчага камітэту.

«РИА-Новости»

Сайт агенцтва «РИА-Новости» паведамляе пра сёньняшняе затрыманьне галоўнага рэдактара агенцтва БелаПАН Ірыны Леўшынай. У артыкуле расказваецца, што Леўшына сёньня не зьявілася на працу і сувязі зь ёй няма, а таксама прыводзіцца паведамленьне Сьледчага камітэту пра затрыманьне Леўшынай і канфіскацыю ейнага кампутара.

Lenta.ru

Сярод мноства паведамленьняў зьвяртае на сябе ўвагу загаловак парталу Lenta.ru «Трох беларускіх журналістак затрымалі за ўзлом дзяржаўнага агенцтва». Узломам, як вядома, звычайна называюць хакерскія атакі.

Gazeta.ru

Загаловак парталу Gazeta.ru больш інфармацыйны: «У Беларусі затрымалі прадстаўнікоў найбуйнейшых СМІ за незаконныя доступ да „БелТА“».

У самім матэрыяле падаецца асноўная інфармацыя пра падзеі са спасылкай на Сьледчы камітэт Беларусі і пераказ яго асноўных заяў, у тым ліку пра 15 тысяч несанкцыянаваных падключэньняў да платнай стужкі БЕЛТА і пра збоі ў платнай падпісцы.

«Коммерсантъ»

Газэта «Коммерсантъ» прысьвячае падзеям у Менску вялікі артыкул «У рэдакцыях папулярных беларускіх СМІ прайшлі ператрусы».

«Коммерсантъ» адзначае, што Беларуская служба Радыё Свабода першай паведаміла пра ператрусы і затрыманьні яшчэ а 6:21 раніцы ў аўторак, 7 жніўня.

Журналісты газэты пагутарылі з заснавальнікам парталу TUT.by Юрыем Зісерам, які выказаў сваё недаўменьне з прычыны канфіскацыі ўсёй унутранай інфармацыі TUT.by замест канфіскацыі кампутараў некалькіх абвінавачаных журналістаў.

«Коммерсантъ» цытуе заяву Ірыны Леўшынай, якую яна зрабіла да сёньняшняга затрыманьня. Паводле Леўшынай, улады выкарыстоўваюць агенцтва БЕЛТА, каб аказаць націск на недзяржаўныя СМІ.

«Пакуль уяўляецца, што ў рамках надыходзячых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў пачынаецца барацьба за розумы людзей. Tut. by хадзілі па вастрыі, стараліся быць, што называецца, ’’ні нашым, ні вашым“. У гэтым была і заслуга галоўнага рэдактара. Пры гэтым я ведаю, што яна крытычна ставілася да нядаўна прынятых паправак да закону аб СМІ. Я думаю, што тут адыгралі ролю ўсе фактары», — гэтак «Коммерсанту» сытуацыю ў Менску пракамэнтавала дэпутат беларускага парлямэнту Ганна Канапацкая.

І, нарэшце, «Коммерсантъ» прыводзіць меркаваньне сваёй крыніцы ў Менску, якая лічыць, што «калі іх віна будзе даказаная, ключавых супрацоўнікаў СМІ могуць пазбавіць права займаць цяперашнія пасады або нават арыштаваць». Суразмоўцы «Коммерсанта» у Менску называюць тое, што адбываецца, нагодай «аказаць ціск на незалежныя і найбольш якасныя СМІ».

Мeduza

Сайт Мeduza. io зьмясьціў некалькі паведамленьняў пра затрыманьні журналістаў і нават апублікаваў цытаты з афіцыйных беларускіх СМІ, якія ўсяляк крытыкуюць незалежныя мэдыі за несанкцыянаваны доступ да платнай стужкі БЕЛТА «Выкрасьці інфармацыю было як „здрасьте“».

«Московский комсомолец»

Газэта «Московский комсомолец» таксама паведамляе пра падзеі ў Менску ў артыкуле «Затрыманыя журналісты TUT. by і БелаПАН: свабода слова за 612 рублёў».

Сярод апытаных газэтай экспэртаў — Андрэй Дзмітрыеў, лідэр руху «Гавары праўду»:

«TUT. by фактычна зьяўляецца інфармацыйным рэсурсам № 1 у Беларусі, яго аўдыторыя набліжаецца да сумарнай аўдыторыі ўсіх астатніх інтэрнэт-СМІ РБ. БелаПАН — найбуйнейшае незалежнае інфармацыйнае агенцтва краіны. Але іх нельга назваць апазыцыйнымі СМІ, наадварот, яны адкрытыя для ўсіх палітычных сілаў Беларусі. У той жа час дзяржаўныя СМІ Беларусі ў Інтэрнэце вельмі слабыя, у агляднай пэрспэктыве яны ня змогуць замяніць сабой TUT. by і БелаПАН, тым больш, што на іх старонках нельга выказвацца апазыцыянэрам.

Ператрусы ў недзяржаўных СМІ сталі вельмі небясьпечным і правакацыйным крокам, які вядзе да аслабленьня інфармацыйнай бясьпекі Беларусі. Калі выказаць здагадку, што TUT. by і БелаПАН закрыюць, іх чытачы пяройдуць не на дзяржаўныя парталы, а на расейскія. Гэта дакладна ня пойдзе на карысьць прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнкі. Зусім нядаўна СМІ абмяркоўвалі чуткі аб тым, што ён перажыў інсульт. Цяпер расейскія выданьні пішуць, што Масква прызначае ў Менску „генэрал-губернатара“ Міхаіла Бабіча... Аслабляючы беларускія СМІ, улады краіны аказваюцца бездапаможнымі перад абліччам такіх інфармацыйных укідваньняў», — мяркуе Андрэй Дзьмітрыеў.

«Новая газета»

Незалежная расейская «Новая газета» зьмясьціла матэрыял свайго карэспандэнта ў Беларусі Ірыны Халіп «Арышты — працяг інсульту».

Аўтарка піша, што «розьніца паміж платнай і бясплатнай вэрсіяй БелТА — у 15 хвілінах... І няма ніякага сэнсу узломваць сайт, каб на 15 хвілін раней даведацца аб’ёмы надояў у Магілёўскай вобласьці. А акрамя надояў і афіцыйнай інфармацыі, дзяржаўнае агенцтва БелТА нічога не публікуе».

«Калі ж улічыць, — працягвае далей Ірына Халіп, — што ператрусы і арышты журналістаў сталі працягам зацятых чутак аб інсульце Аляксандра Лукашэнкі, якія укідваліся ў інфармацыйнае поле ўвесь мінулы тыдзень з зайздроснай упартасьцю, дык ператрусы і арышты могуць аказацца і помстай за актыўнае абмеркаваньне магчымага інсульту ў беларускіх мэдыях, і ідэалягічнай падрыхтоўкай да нейкіх новых падзеяў: Лукашэнка зусім дрэнны, цяпер сюды прыйдуць ужо іншыя людзі, і інфармацыйная зачыстка ідзе ўжо для іх».

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG