Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя затрымала актывістак, якія вярталіся ў Віцебск пасьля варты ў Курапатах


Пікетаваньне рэстарацыі «Поедим поедим». Крайняя зьлева — Ірына Захарава, у цэнтры — Алена Янушкоўская

Затрыманьне адбылося каля вёскі Бараўляны, калі група актывістаў вярталася дадому ў Віцебск пасьля варты каля рэстарацыі «Поедем поедим»​ побач з Курапатамі. Алену Янушкоўскую і Ірыну Захараву адвезьлі ў бараўлянскі пастарунак.

На абедзьвюх склалі пратаколы паводле артыкула 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў)

Сьведка затрыманьня Аляксандар Квіліс апавёў, што дарогай з Курапатаў за іхнай машынай сачылі, потым яе спынілі супрацоўнікі ДАІ і загадалі чакаць міліцыю.

Тацяна Севярынец, чацьвёртая ўдзельніца «віцебскага дэсанту», сышла з Курапатаў раней.

«Падчас нашага дзяжурства ніякіх асаблівых інцыдэнтаў не было — ні боек, ні сварак. Адно што Алена ўсё здымала на відэакамэру, і гэта вельмі не падабалася ахоўнікам рэстарацыі. Магчыма, гэта галоўная прычына затрыманьня», — мяркуе Тацяна Севярынец.

Алену Янушкоўскую і Ірыну Захараву пратрымалі ў пастарунку тры гадзіны і паведамілі, што на працягу 10 сутак ім па пошце дашлюць копіі пратаколаў. Гэтыя пратаколы спадарыні Захарава і Янушкоўская адмовіліся падпісаць, бо ня лічаць сябе вінаватымі.

Міліцыянты сказалі таксама, што судзіць іх будуць і Віцебску - па месцы жыхарства.

За чатырма жыхарамі Віцебску міліцыя сачыла сёньня з самай раніцы. Па дарозе ў Менск іх тройчы затрымлівалі. У Лагойску і Лепелі правяралі дакумэнты. А ў Бешанковічах пасьля амаль што дзьвюхгадзіннага разбору на кіроўцу склалі пратакол за перавышэньне хуткасьці.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

​Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG