Амэрыканка палестынскага паходжаньня Рашыда Тлаіб атрымала большасьць галасоў на папярэдніх выбарах у Мічыгане.
Падчас галасаваньня, падчас якога выбіралі кандыдата ў палату прадстаўнікоў амэрыканскага Кангрэсу, яна абышла пяцёх аднапартыйцаў. У выбарчай акрузе Мічыган у Рашыды Тлаіб ня будзе канкурэнтаў.
Яна выступае кандыдаткай ад Дэмакратычнай партыі ЗША. У выпадку абраньня ў Кангрэс Тлаіб мае намер змагацца за даступнае мэдычнае страхаваньне, павышэньне мінімальнага заробку, скасаваньне іміграцыйна-мытнай паліцыі ЗША. Гэтае ведамства раней неаднаразова крытыкавалі за жорсткае абыходжаньне з нелегальнымі мігрантамі.
Прамежкавыя выбары ў Злучаных Штатах адбудуцца ў лістападзе 2018 году. На іх будуць пераабірацца ўсе 435 парлямэнтароў у палаце прадстаўнікоў ЗША і 33 месцы са 100 у Сэнаце. Калі дэмакраты атрымаюць большасьць у Сэнаце, гэта ўскладніць працэдуру прыняцьця рашэньняў прэзыдэнту Дональду Трампу.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў