Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа БелТА» як «азэрбайджанізацыя» Беларусі


Зачынены офіс TUT.BY падчас ператрусу 7 жніўня 2018 году

Якая палітычная падбіўка «справы БелТА», чаму абвінавачваньне ў крадзяжы інфармацыі суправаджаецца павальнымі ператрусамі і арыштамі? Што спрабуе прадухіліць улада гэтай справай? Што ў гэтай сытуацыі могуць зрабіць беларускае грамадзтва, праваабарончая супольнасьць і Захад?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у «Праскім акцэнце» кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, шэф-рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько і праваабаронца Алена Танкачова. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.

Ці арыштуюць рэдактара «Gazety Wyborczej» за няправільны доступ да стужкі інфармагенцтва?

Дракахруст: У БелТА скралі інфармацыю — гучыць як дурны анэкдот. Тым ня менш гэта не анэкдот. Ператрусы ў двух вядучых інфармацыйных рэсурсах, TUT.BY і БелаПАНе, канфіскацыя аргтэхнікі, ну і, нарэшце, затрыманьне на тры дні супрацоўнікаў гэтых дзьвюх арганізацый. Наколькі сувымерна гэта з абвінавачаньнем, нават калі яно і абгрунтаванае?

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

Бастунец: Юры, я думаю, што ўжо з вашага пераліку зразумела, што гэта абсалютна несувымерныя рэчы. Тое злачынства, на падставе якога Сьледчы камітэт распачаў справу, не адносіцца да тых, якія ўяўляюць нейкую сур’ёзную небясьпеку. Па вялікім рахунку, гэта наагул спрэчка суб’ектаў гаспадараньня. Але мы тут бачым: у трох офісах, у рэдакцыях ідуць ператрусы, затрыманыя як мінімум шэсьць чалавек і трое сутак будуць знаходзіцца за кратамі. І тут пра сувымернасьць і казаць нельга — гэта проста нейкае дзікунства, па вялікім рахунку.

Дракахруст: Алена, а якая існуе практыка па гэтым 349 артыкуле? Ці часта ладзяцца такія маскі-шоў, захопліваюць людзей, арыштоўваюць? Там ёсьць пункт 3, ён больш суровы, калі ёсьць нейкая шкода. А ў дадзеным выпадку нават невядома, ці скарысталіся гэтыя два рэсурсы той інфармацыяй, якую, магчыма, яны і атрымлівалі па гэтых паролях.

Танкачова: Я не спэцыяліст па якасьці інфармацыі БелТА, але з таго, што я сёньня чую ад сваіх калег і ад журналістаў, фактычна любы беларускі журналіст валодаў магчымасьцю доступу да белтаўскай інфармацыі, і наогул гэта было практыкай на працягу шматлікіх гадоў. Ты маеш пароль, карыстаесься ім.

Калі БелТА так заклапочаная абаронай сваёй інфармацыі, чаму яны не мянялі паролі, напрыклад, з пэрыядычнасьцю раз на два месяцы? Чаму ва ўмовах карыстаньня не было абмежаваньняў і гарантыі таго, што гэтыя паролі ня могуць перадавацца?

Але гэтыя пытаньні ўсе другасныя. Таму што я б проста разглядала тое, што адбываецца сёньня, як заплянаванае мэтанакіраванае ўзьдзеяньне на два базавыя інфармацыйныя рэсурсы. Вельмі шкада, што нагоду для такога ўзьдзеяньня — адбіраньня тэхнікі, затрыманьня супрацоўнікаў — даюць калегі па журналісцкім цэху.

Мне б хацелася паглядзець, што такога спрабавалі шукаць у белтаўскай стужцы тыя, каго цяпер трымаюць за кратамі, каб здабыць у іх тлумачэньні. Агідная сытуацыя: іншыя журналісты далі нагоду для таго, каб сілавікам атрымаць поўны доступ да тэхнікі двух асноўных беларускіх інфармацыйных рэсурсаў. І арышты для мяне — гэта самае непрыемнае ў гэтай сытуацыі.

Я думаю, што журналісцкая і праваабарончая грамадзкасьць, а таксама кіраўнікі дадзеных рэсурсаў павінны праявіць максымальную падтрымку і салідарнасьць у дачыненьні да гэтых людзей. Людзі нізавошта затрыманыя. І яны відавочна павінны атрымаць максымальную падтрымку і ясныя ацэнкі, бо гэтыя затрыманьні незаконныя.

Дракахруст: Андрэй Дынько, «Наша Ніва» апублікавала даволі падрабязнае інтэрвію, тлумачэньне прадстаўніцы БелТА. Наколькі пераканаўчым яно вам падалося? І ўвогуле, што вы пра гэтую справу даведаліся з гэтага інтэрвію прадстаўніцы БелТА?

Дынько: Цяжка меркаваць пра справу, пакуль мы не пачулі тлумачэньняў Марыны Золатавай, Тані Каравянковай, Ульляны Бабаед — у чым іх абвінавачваюць і як яны могуць адказаць на гэтыя абвінавачваньні. Але афіцыйнае абвінавачаньне мне падаецца абсурдным, абсалютна дробным, другасным.

Давайце ўявім сабе сытуацыю, што ў Польшчы нехта абвінаваціў выданьне «Gazeta Wyborcza» ў тым, што адтуль заходзілі на сайт нейкай агенцыі па няправільным паролі. І за гэта арыштавалі галоўнага рэдактара «Gazety Wyborczej». Можна сабе такое ўявіць? Гэта проста не ўкладаецца ні ў якае рацыянальнае ўяўленьне пра сёньняшні сьвет. Марына Золатава кожны дзень заходзіць кудысьці па, можа, васьмідзесяці паролях. Гэтыя паролі забітыя ў кампутары аўтаматычна, іх запамінае ваш кампутар. Я думаю, што яна, магчыма, нават не здагадвалася, што яна заходзіць кудысьці па нейкім паролі, які ў яе калісьці быў, а пасьля зь нейкіх прычын гэты пароль мог проста быць не адноўлены, не аплачаны.

Я таксама хачу зьвярнуць вашу ўвагу на іншае інтэрвію, якое мы сёньня зрабілі, з супрацоўнікамі службы маркетынгу БелТА. Зь іх тлумачэньняў вынікае, што ў іх нібыта і ёсьць гэтая платная падпіска, але яны самі толкам ня ведаюць, якія ўмовы гэтай платнай падпіскі. Там і прэйскуранта няма ніякага апублікаванага. Я думаю, што гаворка ідзе пра нейкі тэхнічны збой, які выкарыстоўваецца для дыскрэдытацыі СМІ і для нагнятаньня гэтага страху ў грамадзтве.

Закат лібэралізацыі

Дракахруст: Алена, вы ўжо сказалі, што гэта хутчэй нагода, чым сапраўдная прычына. Нагода для чаго? Даволі даўно ўжо ідуць у Беларусі спрэчкі, ці ёсьць лібэралізацыя, ці яе няма. Адбываюцца нейкія арышты, кагосьці саджаюць, кагосьці выпускаюць. Але ці не ўзьнікае такога адчуваньня, што справа ня толькі ў вяртаньні нейкай практыкі, а ў замаху на тое, на што раней не замахваліся?

Раней не замахваліся на TUT.BY, раней не замахваліся на БелаПАН, а зараз замахнуліся — і ў межах справы БелТА, і ў межах справы Ліпая. Раней не замахваліся на «Хартыю», а цяпер замахнуліся. Раней не замахваліся на «Партызан», а цяпер замахнуліся. У чым мэта вось гэтых дзеяньняў, якіх не было ні ў 2010 годзе, ні ў 2011, ні ў 2006 годзе, а цяпер ёсьць?

Алена Танкачова
Алена Танкачова

Танкачова: Юры, вы маю пазыцыю ведаеце даўно. Пакуль у мяне няма прычын яе мяняць. Я мяркую, што падобнага роду ўспышкі адбываюцца то зьлева, то справа. Пытаньне толькі ў тым, каго яны тычацца, а каго не.

Вось цяпер яны закранулі інфармацыйныя агенцыі. Ну вось не замахваліся на інфармацыйныя агенцыі, але о-го-го як замахваліся на сродкі масавай інфармацыі ў пэўныя пэрыяды. Я не магу сказаць, што адбываецца нешта вельмі новае.

Ну, не замахваліся раней на ІТ-сэктар — а потым узялі і замахнуліся. Тэндэнцыя спакойная, устойлівая. Вось зараз гэтая сытуацыя зьвязаная з інфармацыйнымі агенцыямі. У мяне ёсьць прагноз, хто будзе наступны, з чым будзе зьвязаная наступная хваля. Але ня стану каркаць.

То бок так, ціхенька, але так ці інакш усім, у тым ліку і Зісеру, паказваюць, што недатыкальнасьці няма, як бы акуратна хто ні выбудоўваў камэнтары наконт таго, што гэта не пра рэсурс, а пра журналістаў. Як бы іншы рэдактар ні займаў пазыцыю ў адносінах свайго супрацоўніка, ні казаў, што мы сваіх не пакінем.

Я за пазыцыю прамую, адкрытую, зь ясным камэнтаром: мы сваіх не пакінем. Як ты ні вядзі акуратна свой бізнэс, раней ці пазьней цябе гэта закране таксама. І тут зараз, на мой погляд, пытаньне прынцыпу. Але, можа, тут мая, як заўсёды, крыху ідэалістычная пазыцыя. Ну, якая ёсьць.

Дракахруст: Андрэй Дынько, гэта новае, гэта спроба зьмяніць цалкам мэдыйны дызайн Беларусі? Ці гэта ваганьні ківача — ну вось крок у адзін бок, потым у іншы? А можа, гэта такое прыпалохваньне, а дызайн, ляндшафт застанецца? Ці не застанецца?

Дынько: Гэта новае. Гэта вельмі небясьпечнае новае. Я бачу ва ўсім тым, што адбываецца ў Беларусі ў апошні час (і гэтыя затрыманьні, і справа Фядыніча, і справа Ліпая) прыкметы «азэрбайджанізацыі» Беларусі. Прастору свабоды ў Беларусі пасьлядоўна спрабуюць абмежаваць.

Дракахруст: Андрэй Бастунец, вы як ацэньваеце? Размова ідзе ў дадзеным выпадку ня проста пра важныя, уплывовыя рэсурсы, а пра фактычна сыстэмаўтваральныя. TUT.BY — самы вялікі партал у Беларусі. Ён — рэальны беларускі канкурэнт у інтэрнэце расейскім інфармацыйным рэсурсам. БелаПАН — адзіная прыватная інфармацыйная агенцыя. Гэта зьмена дызайну?

Бастунец: Я згодны з тым, што сказаў Андрэй Дынько. Насамрэч гэта новае. Варта ўзгадаць таксама зьмены ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі», якія ўнесеныя зараз і напрыканцы году ўступяць у сілу. Мы бачым, што дзяржава пашырае свой кантроль за мэдыйнай прасторай Беларусі і за інтэрнэт-прасторай. Ну і, зразумела, калі пашыраецца кантроль за інтэрнэт-прасторай, як маглі абысьці TUT.BY і БелаПАН?

Нагоды маглі быць іншыя. Я з Аленай нязгодны ў тым, што TUT.BY нібыта раней адчуваў сябе вольна. Я ведаю, што ён увесь час знаходзіўся пад велізарным ціскам, але тыя дзеяньні, якія былі сёньня зробленыя, яны паказваюць, што ўлада ці пэўная частка ўлады ад пагрозаў перайшла да дзеяньняў.

А вось гэтыя дзеяньні, у сваю чаргу, робяцца пагрозай для ўсёй журналісцкай супольнасьці. Гэта вельмі небясьпечныя праявы, якія пры гэтым усё ж такі ўкладаюцца ў агульную палітыку дзяржавы, яе захады, накіраваныя на тое, каб кантраляваць інфармацыю.

Выбары, рэфэрэндум, Расея... ці нешта іншае

Дракахруст: Калегі, наступнае маё пытаньне, можа, крыху палітычнае, паліталягічнае. Калі гэта сапраўды ня проста БелТА паскардзілася, а Сьледчы камітэт са скаргай разьбіраецца, а палітыка — то якая палітычная нагода? Некаторыя выказваюць меркаваньне, што, можа, гэта зьвязана з выбарамі, ці зь нейкімі складанасьцямі адносінаў з Расеяй, ці з унутранай лёгікай разьвіцьця сыстэмы. Раней сыстэме ня так перашкаджаў TUT.BY. А цяпер перашкаджае. Чаму?

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько

Дынько: Я б ня зьвязваў гэта ні з чым канкрэтным. Гэта проста ўласьцівасьць гэтай сыстэмы. Сыстэма імкнецца аслабляць усё тое, што моцнае і незалежнае ад яе. Гэта робіцца пасьлядоўна, пэрыядычна і пры любой нагодзе. Велізарная бяда, што тым самым аслабляецца і ўсё нашае грамадзтва: падсякаюцца элемэнты здаровай канкурэнцыі, аслабляецца беларускае інфармацыйнае поле. Гэта такая самаедзкая і бяздумная палітыка.

Дракахруст: Алена, а як вы лічыце, якое тут тлумачэньне? Яны ўсе крыху, канечне, спэкуляцыйныя. Калі б нешта падобнае адбывалася мінулым годам, напрыклад, у лютым-сакавіку, калі былі антыдармаедзкія пратэсты, гэта неяк можна было б зразумець. А зараз якая нагода, з чаго? Якія пагрозы ўладзе, сыстэме назіраюцца?

Танкачова: Гэта розныя рэакцыі. Адна — гэта калі ўлада рэагуе на нейкія канкрэтныя дзеяньні. І другая — калі ўлада мае плян, калі час ад часу ў пэўных сэктарах трэба праводзіць вось такія акцыі, трэба паказваць сілу.

Я зараз ня бачу нейкага зьнешняга выкліку, які патрабаваў бы менавіта такой рэакцыі. Я схільная лічыць, што гэта хутчэй сапраўды загадзя сплянаваная акцыя. Пачалі зь БелаПАНа, разгорнем шырэй, пройдземся па ўсіх, паглядзім, хто як будзе рэагаваць.

Я з Андрэем Бастунцом пагаджуся — мы павінны быць адзінымі ў ацэнцы. Калі гэта сапраўды вынік прыняцьця паправак у закон «Аб СМІ», мы павінны, акрамя хуткай рэакцыі на затрыманьні і ператрусы, даць ацэнку таго, якім чынам разгортваецца праваўжывальная практыка пасьля паправак. Хоць нас запэўнівалі, што папраўкі амаль ідэальна нас вядуць да паляпшэньня сытуацыі са свабодай слова ў краіне.

І, зразумела, ніяк не спрабую сказаць, што гэта ня важная сытуацыя. Гэта важная і самая крытычная ў дадзены момант сытуацыя. Але я не гатовая сказаць, што гэта рэакцыя на нейкую канкрэтную падзею і падрыхтоўка да нейкай канкрэтнай акцыі.

Дракахруст: Андрэй Бастунец, а якое з тых тлумачэньняў, якія ўжо былі выказаныя, падаецца найбольш праўдападобным вам? Гэта падрыхтоўка да чарговых выбараў ці гэта дзеяньні па прынцыпе «бі сваіх, каб чужыя баяліся», паколькі цень Пуціна над Беларусьсю робіцца ўсё гусьцейшай?

Бастунец: Вельмі дзіўна бачыць у гэтым спробы разьвеяць «цень Пуціна». Калі мы прыхлопваем нашы вядучыя інфармацыйныя рэсурсы, то гэты цень можа ўсю краіну накрыць. Мы гэта разумеем, і пра гэта казалі кіраўнікі TUT.BY і БелаПАНа. Яны казалі, што калі выціскаюць з інфармацыйнай прасторы беларускія рэсурсы, то іх месца займаюць расейскія, і гэта вельмі сумнеўны шлях для тых, хто змагаецца за Беларусь як самастойную дзяржаву.

Я лічу сам, што гэтыя дзеяньні насамрэч — проста працяг сыстэмнай дзейнасьці ўладаў, якія бяруць пад кантроль усю інфармацыйную прастору. Я гэтыя працэсы адсочваю яшчэ з 1994–1995 гадоў, як гэта адбывалася, крок за крокам, калі выціскаліся за межы прасторы незалежныя рэсурсы.

Спачатку мяняюцца рэдактары дзяржаўных мэдыя, бярэцца пад поўны кантроль тэлебачаньне, потым пачынаюцца падатковыя праверкі незалежных мэдыя, і яны страчваюць свае пазыцыі. Потым пачынаецца эканамічны ціск, пазовы аб абароне годнасьці і гэтак далей. Кожны раз розныя крокі, але кірунак іх вядомы — зьнізіць прысутнасьць незалежнай інфармацыі ў інфармацыйнай прасторы Беларусі. І вось гэты крок таксама цалкам лягічны і цалкам упісваецца ў дзеяньні ўладаў.

Напрыканцы мінулага году быў заблякаваны «Партызан», потым была заблякаваная «Хартыя». Калі пару гадоў таму быў заблякаваны сайт kyky.org, ужо тады выказалася меркаваньне, што гэта праверка таго, што можа быць далей на тых рэсурсах, якія займаюць першыя месцы ў рэйтынгу. Вось мы зараз дайшлі да таго, што дзяржава пачынае вельмі сур’ёзна ўмешвацца ў справы лідэраў інфармацыйнага рынку.

А якія нагоды для гэтага — выбары, эканамічны стан ці пэўныя зьнешнія праблемы — гэтыя нагоды кожны год устаюць перад нашай дзяржавай, і тут не апэратыўнае рэагаваньне, тут, я думаю, так — сыстэмная дзейнасьць уладаў.

«Справа БелТА» і Захад

Дракахруст: Калегі, на ваш погляд, якую ролю ў вырашэньні гэтай сытуацыі можа адыграць Захад? Санкцыі даўным-даўно скасаваныя, пра іх аднаўленьне ніхто не вядзе размову. Цяпер аб’ект санкцый — Расея, цяпер не да Беларусі. Зь іншага боку, можна так паглядзець, што Беларусь «справай БелТА» ўсё ж парушыла нейкае негалоснае джэнтэльмэнскае пагадненьне з Захадам, з Эўразьвязам. Захад будзе неяк рэагаваць?

Танкачова: Я б гэта зусім ня зьвязвала з пытаньнем санкцый, таму што санкцыі ў нас ужо адзін раз былі, я ня ведаю, што можа здарыцца для таго, каб штосьці падобнае яшчэ раз адбылося. Але, безумоўна, прафэсійная супольнасьць журналістаў і праваабаронцаў дасьць ацэнку і падзеям сёньняшняга дня, і далейшаму іх разьвіцьцю.

Я кажу пра праваабарончыя і журналісцкія супольнасьці як нацыянальныя, так і міжнародныя. Адпаведна, у нас ёсьць інструмэнты ўзаемадзеяньня са спэцыяльнымі дакладчыкамі, якія працуюць па пытаньнях СМІ ў міжнародных арганізацыях. Я думаю, што ўсё гэта будзе зроблена адпаведным чынам, як мінімум заявы з гэтай нагоды будуць, ацэнкі будуць дадзеныя з пункту гледжаньня міжнародных стандартаў.

Як сытуацыя будзе разьвівацца далей? За гэтым трэба будзе назіраць, трэба будзе прымаць нейкія ясныя рашэньні ў залежнасьці ад таго, як будуць ісьці далей справы зь людзьмі, якія затрыманыя сёньня.

Зразумела, што гэта ўсё ня робіцца хутка. Спадзяюся толькі, што людзі як мага хутчэй апынуцца на свабодзе. Таму на нешта большае я б не разьлічвала. Напэўна, іншых мэханізмаў і няма. Было б прыемна, калі б Эўрапейская камісія, разгортваючы свой дыскурс дыялёгу аб правах чалавека зь беларускімі ўладамі, вельмі ясна задала б пытаньне наконт гэтай сытуацыі. І пашукала б у сваім арсэнале магчымых дзеяньняў тыя аргумэнты, якія неяк маглі б спрыяць паляпшэньню сытуацыі, бяз рэплік пра тое, што ў Беларусі «адбываецца лібэралізацыя».

А ў асноўным, я мяркую, гэта нашая адказнасьць. Гэта адказнасьць беларускага грамадзтва, праваабарончай супольнасьці, журналісцкай супольнасьці. Трэба даваць ясную ацэнку таго, што сыстэмных зьменаў з правамі чалавека ў краіне няма, і без гатоўнасьці ўлады да таго, каб ісьці мэтанакіравана да паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека, мы будзем мець успышкі падобнага кшталту дзеяньняў у розных сэктарах — грамадзянскім і іншых, і, як заўсёды, будзем мець мала магчымасьцяў для таго, каб уплываць на зьмены ў гэтай сытуацыі.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Андрэй Дынько, размовы пра «галубоў» і «ястрабаў» у беларускай уладнай камандзе ідуць даўно, яны выглядаюць часам вельмі спрэчна — ці так яно, ці ня так, ці ёсьць там сапраўды гэтыя групы. Але калі яны ёсьць, вы не чакаеце, што могуць адбыцца нейкія дзеяньні — з падачы Захаду, а магчыма, і без падачы Захаду? Мы памятаем гісторыю, як спачатку спрабавалі дэпартаваць Сяргея Жадана, а потым гэта скасавалі, як спусьцілі на тармазах справу «Белага легіёну». Вы выключаеце, што так яно можа быць з гэтай «справай БелТА»?

Дынько: Я думаю, найхутчэй, што і яе ўрэшце спусьцяць на тармазах. Але колькі гэта будзе каштаваць людзям, якім тут ламаюць жыцьці? Колькі гэта будзе каштаваць для рэпутацыі Беларусі? Такая справа ж маркіруе краіну як дыктатуру. Для ўсіх: для бізнэсу, для грамадзкасьці, для інтэлектуалаў сусьветных. Беларусь — дыктатура, з усімі наступствамі.


Што да Захаду — ну, а што Захад можа зрабіць? Тое, што ён можа рабіць, тое ён і робіць, ён і працягвае гэта рабіць. Ён будзе далей працягваць падтрымліваць «Белсат», «Хартыю», іншыя СМІ, якія вяшчаюць на Беларусь, даюць інфармацыю для Беларусі з замежжа. Але ключавы адказ тут — ад беларускага грамадзтва.

Я ведаю ўжо на ўласным вопыце. І «Нашу Ніву» таксама трэсьлі, душылі. Кожны раз рэакцыяй грамадзтва была дапамога. Як толькі на «Нашу Ніву» нападалі, грамадзтва гуртавалася для дапамогі. Я памятаю 2010 год, калі ў нас забралі ўсе нашы кампутары, усе нашы прылады працы. Быў змрок, зіма, пагромы, і тым ня менш: на працягу 24 гадзін чытачы прывезьлі нам больш кампутараў, чым мы мелі да таго. І чым мацнейшая будзе такая рэакцыя салідарнасьці беларускага грамадзтва, тым дурнейшымі будуць выглядаць арганізатары падобных акцый запалохваньня.


Дракахруст: Андрэй Бастунец, на ваш погляд, на беларускую ўладу цяпер, калі санкцыі скасаваныя, «няма ў вас мэтадаў супраць Косьці Сапрыкіна»? І сапраўды няма? Беларуская ўлада сапраўды не рэагуе на зьнешнія пратэсты, скажам, міжнародных журналісцкіх саюзаў, заходніх урадаў? Гэта не абавязкова новыя санкцыі, але гэта можа быць дыпляматычны ціск, назавем гэта так. Наколькі ён можа быць эфэктыўны, наколькі ён дзейнічае?

Бастунец: Справа ў тым, што Эўропа зьмяняецца — Беларусь застаецца той самай, якая была. У Эўропе прыходзяць да кіраўніцтва новыя палітыкі, яны спрабуюць памяняць падыходы. Яны думаюць: вось у маіх папярэднікаў не атрымалася, я зараз прыйшоў і разумна ўсё зраблю і перайначу. Але ж беларуская ўлада, яна ўжо і аднаго, і другога, і трэцяга палітыка перажыла, і на чарговага глядзіць дастаткова спакойна.

Але гэты ціск вельмі патрэбны — ціск эўрапейскай супольнасьці. Але ён не зьяўляецца нейкім сьвядомым і адназначным, як, напрыклад, пазыцыя Беларусі. Напрыклад, перасьлед журналістаў-фрылансэраў за супрацоўніцтва з замежнымі мэдыя ўжо некалькі гадоў стаіць на парадку дня ў дыялёгу па правах чалавека паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Але гэта не перашкодзіла таму, што мінулы год стаў рэкордным — было 69 штрафаў журналістам. А за сем месяцаў гэтага году гэтая лічба ўжо амаль дасягнутая.

Мы бачым, што тэма абмяркоўваецца — вынікі застаюцца ня тое каб тымі, якія былі, яны толькі пагаршаюцца. На жаль, мы ня можам спадзявацца на нейкі эфэктыўны вынік міжнароднага ціску на беларускія ўлады. Але тым ня менш гэты ціск, магчыма, утрымлівае нашую краіну ад канчатковай «азэрбайджанізацыі». Ён вельмі патрэбны, і я спадзяюся, што ён акажа пэўны ўплыў на пэўных прадстаўнікоў беларускай улады. І вельмі спадзяюся, што сытуацыя зьменіцца ў лепшы бок.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG