Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэцыдывіста, які ўцёк з залі суду са зброяй канваіра, асудзілі на 14 гадоў


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

За крадзяжы на мільярд рублёў (недэнамінаваных) Сяргея Багдашова затрымалі ў 2008 годзе. У 2009 годзе яго судзілі ў Жодзіне, але ён уцёк проста з залі суду. Празь 5 гадоў яго знайшлі ў Расеі, і толькі цяпер прывезьлі ў Беларусь.

Суд пакараў Багдашова 14 гадамі зьняволеньня, ён прызнаны вінаватым па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ўцёкі з-пад варты, крадзеж агнястрэльнай зброі, наўмыснае прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджання і крадзеж.

Як пісала Свабода, у траўні 2009 году Сяргей Багдашоў уцёк з выкрадзенай зброяй проста з суду ў Жодзіне. У Смалявіцкім раёне ўкраў «кадылак», на якім зьехаў у Расею. Да гэтага ўраджэнец Магілёўскай вобласьці (1978 г. н.) зарабляў крадзяжом ювэлірных вырабаў, апаратуры і інструмэнтаў з катэджаў, краў дарагія машыны замежнай вытворчасьці, за што і быў асуджаны.

Яго затрымалі ў верасьні 2008 году. На той момант Багдашоў падазраваўся больш чым у дзесяці крадзяжах. Пасьля аказалася, што іх, толькі даказаных сьледзтвам, каля паўсотні. Прычыненая шкода за няпоўныя тры гады (2006–2008) склала амаль мільярд недэнамінаваных рублёў.

Пасьля ўцёкаў Багдашова з жодзінскага суду было высьветлена, што ў Пскоўскай вобласьці Расеі ён зрабіў сэрыю крадзяжоў з элітных дамоў. У кастрычніку 2009-га ён трапіў у поле зроку праваахоўных органаў у Сестрарэцку (Ленінградзкая вобласьць). Пры затрыманьні яму ўдалося ўцячы.

Затрымалі Багдашова, абвешчанага ў міжнародны вышук па лініі Інтэрполу, толькі ў ліпені 2014 году. У гэтым праваахоўным органам дапамагла агароджа, за якую злачынец, уцякаючы ад перасьледу, зачапіўся. Моцна пашкоджаную пры гэтым нагу пазьней давялося ампутаваць.

Запыт аб яго выдачы Генэральная пракуратура Беларусі накіравала ў Расею летам 2014 году.

Інфармацыі аб экстрадыцыі Багдашова ў Беларусь не было.

У Расеі ў 2015 годзе Багдашову прысудзілі 6 гадоў пазбаўленьня волі.

У верасьні 2009 году судом Барысаўскага раёну за службовую халатнасьць (ч. 1 арт. 428 КК) быў асуджаны начальнік ізалятару часовага ўтрыманьня, які канваіраваў Багдашова. Начальніку ІЧУ прызначылі пакараньне ў выглядзе чатырох гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады на тры гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG