Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайскоўцы разам зь міліцыянтам гандлявалі аўтаматамі і гранатамі, — «Наша Ніва»


Ілюстрацыйнае фота

Вайскоўцы 8-й брыгады вайсковай часьці 29969 (супрацьпаветраныя войскі), што месьціцца ў Баранавічах, гандлявалі зброяй. Пра гэта паведаміла выданьне «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы.

Паводле выданьня, 24-гадовы прапаршчык Дзьмітрый К., які служыў у роце матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня на пасадзе загадчыка збройнага складу часьці, прыблізна ад мінулай восені выносіў са складу, а потым прадаваў ці часам нават дарыў зброю. Ніякай інвэнтарызацыі за гэты час не праводзілася, нават пры тым, што зьмяніўся камандзір, — а гэта абавязкова працэдура пасьля зьмены камандаваньня.

«Наша Ніва» піша са спасылкай на свае крыніцы, што гаворка ідзе пра чатыры дзясяткі адзінак зброі — аўтаматы і пісталеты, гранаты і патроны — асобна. Падазраваны нібыта проста клаў у заплечнік аўтамат і праходзіў праз КПП, бо яго ніхто не правяраў, хоць склад знаходзіцца на тэрыторыі 61-й авіябазы, важнага аб’екту беларускай арміі.

Адзначаецца, што ў ходзе сьледзтва Дзьмітрый К. даў паказаньні на яшчэ двух чалавек: другога прапаршчыка і высокапастаўленага супрацоўніка Баранавіцкага райаддзелу ўнутраных спраў. Як піша «Наша Ніва», усе трое цяпер затрыманыя, але частку зброі пакуль не знайшлі.

Раней Міністэрства абароны пацвердзіла баранавіцкаму выданьню «Intex-Press» факт надзвычайнага здарэньня ў адной з баранавіцкіх часьцей, але адмовілася даваць патрабязнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG