Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У эфіры «Грамадзкага радыё» Ўкраіны загучала беларуская мова


Украінскае «Грамадзкае радыё» зь ліпеня 2018 году выпускае беларускамоўную перадачу пад назвай «Грамадзкая хваля».

Беларускамоўная перадача з Кіева гучыць у эфіры па ўсёй Украіне, у тым ліку трансьлюецца на акупаваныя Расеяй тэрыторыі Крыму і Данбасу, дзе жыве нямала выхадцаў зь Беларусі.

Днямі Нацыянальная рада Ўкраіны ў пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня падоўжыла для «Грамадзкага радыё» дазвол на вяшчаньне.

Першая перадача была прысьвечаная Паўлу Шарамету

Перадача гучыць у жывым эфіры на хвалях у FM і УКХ-дыяпазонах — адзін раз на два тыдні, у суботу. Каля году гэтую перадачу выпускалі ў падкастах.

Перадачу «Грамадзкая хваля» па чарзе вядуць аўтары ідэі: журналіст Андрэй Кулікоў — старшыня праўленьня «Грамадзкага радыё», галоўны рэдактар радыё Кірыла Лукеранка і беларуска Яўгенія Андраюк — грамадзкая актывістка і праваабаронца.

Яўгенія Андраюк
Яўгенія Андраюк

Яўгенія Андраюк сказала Свабодзе, што далучыцца да праекту ёй прапанавалі пасьля першай праграмы, якая была прысьвечаная гадавіне гібелі ў Кіеве беларускага і ўкраінскага журналіста Паўла Шарамета.

«Андрэй Кулікоў добра ведае беларускую мову, якую ён вывучаў, слухаючы беларускае радыё. У яго такое пяшчотнае стаўленьне да беларусаў, і таму была цікавасьць Грамадзкага радыё распавядаць пра Беларусь ня толькі як пра суседнюю краіну, але і ўмацоўваць сувязь між Беларусьсю і Ўкраінай. Мы вырашылі паспрабаваць. Спачатку гэта былі праграмы ў запісе, а месяц таму мы пачалі выходзіць у наўпроставым эфіры — кожную другую суботу мы выходзім на хвалях „Грамадзкага радыё“ і распавядаем больш пра Беларусь — ці то пра актуальныя падзеі, што адбываюцца, ці то пра больш канцэптуальныя рэчы».

Наступная перадача — пра БНР

4 жніўня перадача «Грамадзкая хваля» будзе прысьвечаная Беларускай Народнай Рэспубліцы, яе параўнаньню з Украінскай Народнай Рэспублікай.

«Таксама будзем распавядаць пра дзейную Раду БНР, таму што ва Ўкраіне гэта рэчы абсалютна невядомыя. Мы разважаем, што ёсьць агульнага, якія агульныя выклікі і што ёсьць адрознае ў Беларусі і Ўкраіны. І што вельмі важна — пасьля 2014 году тут, ва Ўкраіне, і ў Беларусі зьявілася разуменьне, што ў нас ёсьць як шмат агульных рэчаў у мінулым, гэтак і сучасныя выклікі, празь якія трэба прайсьці, каб будаваць абедзьве нашы нацыі», — кажа Яўгенія Андраюк.

У студыі «Грамадзкага радыё»
У студыі «Грамадзкага радыё»

Украінцы добра разумеюць беларускую мову

На гэты момант праграма дзьвюхмоўная, сказала Яўгенія Андраюк:

«Мы робім беларуска-расейскамоўныя праграмы, часам — беларуска-украінскамоўныя, калі госьці размаўляюць па-ўкраінску. Мае калегі з „Грамадзкага радыё“ кажуць, што разумеюць беларускую мову. І для мяне адзін з асабістых прадметаў гонару, што мы можам, робім, і ў эфіры ўкраінскага „Грамадзкага радыё“ гучыць беларуская мова. Мы выходзім у жывы эфір у тым ліку і для таго, каб пашырыць аўдыторыю, таму што часьцей слухачы на падкаст трапляюць выпадкова або яны загадзя пра яго ведаюць».

Украінскія слухачы разумеюць беларускую мову, кажа Яўгенія Андраюк:

«Мы ўдзячныя нашым калегам, якія зрабілі гэта магчымым».

«Грамадзкае радыё» зьявілася ва Ўкраіне ў 2013 годзе як незалежная размоўная радыёстанцыя, якая трансьлявалася ў інтэрнэце, а таксама ў FM і УКХ-дыяпазонах у розных гарадах Украіны. Арганізацыя існуе на ахвяраваньні міжнародных арганізацый і фізычных асоб. Згодна з рашэньнем Нацыянальнай рады ў пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня Ўкраіны радыё атрымала ліцэнзію на вяшчаньне ў дзесяці гарадах, а таксама на спадарожнікавае вяшчаньне.

ГромадськеТВ: Кветкі рэвалюцыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG