Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэксьпір вяртаецца на Купалаўскую сцэну — з гіраскутэрамі і квадракоптэрамі


Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў Менску

На пачатку верасьня беларускіх тэатралаў чакае новае прачытаньне клясыкі — «Сну ў летнюю ноч» Ўільяма Шэкспіра.

Шэкспір на Купалаўскай сцэне паўстане нечаканым і інавацыйным. У спэктаклі будуць выкарыстоўвацца гіраскутэры, квадракоптэры, куб з галяграфічным пакрыцьцём, а гледачы будуць знаходзіцца і на сцэне, побач з гэтым кубам.

Спэктакль паводле Шэксьпіра ў тэатры імя Купалы называецца «Сон у купальскую ноч», яго паставіў кіраўнік Навасыбірскага драматычнага тэатру «Стары дом» Андрэй Прыкатэнка.

Расейскі рэжысэр зь беларускімі каранямі

Афіша спэктаклю
Афіша спэктаклю

У Прыкатэнкі асаблівыя адносіны зь Беларусьсю: ягоная бабуля родам з-пад Гомля, і расейскі рэжысэр кажа, што ягоныя карані тут. Гледачы ў Менску ўжо бачылі ягоны спэктакль «Мой бедны Марат» паводле п’есы Аляксея Арбузава.

Новы спэктакаль Андрэя Прыкатэнкі на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы будзе ўяўляць сабой «унікальны праект для беларускага тэатральнага мастацтва, у якім упершыню задзейнічаюць генэратыўную мэдыяграфіку, будуць выкарыстоўвацца гіраскутэры, квадракоптэры, галяграфічны куб, а таксама інавацыйныя рашэньні ў працы са сцэнаграфіяй, касьцюмамі і сьвятлом.

Над касьцюмамі і сцэнаграфіяй для спэктакля працавала Вольга Шаішмэлашвілі, ужо вядомая беларускаму гледачу па спэктаклі Купалаўскага тэатру «Translations».

Гледачоў пусьцяць на сцэну

Адметнасьць сцэнаграфіі пастаноўкі «Сон у купальскую ноч» — у асаблівай схеме рассаджваньня гледачоў: назіраць за тэатральным дзеяньнем можна будзе ня толькі з партэру, балькона і бэльэтажу, але і са сцэны, дзе дадаткова ўстановяць глядацкія месцы вакол куба.

У спэктаклі задзейнічаныя акторы Купалаўскага Марта Голубева, Павал Харланчук, Міхаіл Зуй, Аляксандар Казела, Юлія Шпілеўская, Валянціна Гарцуева, Павал Астравух, Іван Кушнярук, Дзьмітры Есяневіч, Дзьмітры Тумас, Аляксандар Зелянко, Андрэй Дробыш, Павал Паўлюць.

3 жніўня «Сон у купальскую ноч» пакажуць журналістам, спонсарам, ганаровым гасьцям, а прэм’ера на Вялікай сцэне тэатра адбудзецца 7, 8 і 9 верасьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG