Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля афрыканскай чумы сьвіней у Беларусі ў 40 разоў упала папуляцыя дзікоў


За пэрыяд з 2014 па канец 2017 году ў Беларусі зьменшыліся папуляцыі уключаных у Чырвоную кнігу мядзьведзяў, рысяў, барсукоў і эўрапейскіх норак. Расьце толькі колькасьць зуброў, паведамляе Thinktanks. by.

Пра гэта сьведчаць зьвесткі статыстычнага зборніка «Ахова навакольнага асяродзьдзя ў Рэспубліцы Беларусь, 2018», падрыхтаванага Белстатам.

Дзікоў стала меней амаль у 40 разоў

У Беларусі пасьля хвалі афрыканскай чумы сьвіней засталася вельмі малая папуляцыя дзікоў. Каб засьцерагчы ад захворваньня пагалоўі свойскіх сьвіней, дзікоў спэцыяльна адстрэльвалі.

Калі ў 2013 годзе іх колькасьць у Беларусі даходзіла да 80,4 тысячы, то ў 2014 скарацілася да 8,6 тысячы, а ў 2017 — да 2,8 тысячы асобін.

Барсукоў стала меней удвая

Паводле статыстычных дадзеных, істонае скарачэньне ў 2014-2017 гадах спасьцігла папуляцыя барсукоў. Калі ў 2014 годзе іх налічвалася 1416 асобін, то ў 2017 іх колькасьць скарацілася амаль удвая — у беларускіх лясах застаўся 681 барсук.

У пэрыяд з 2014 па 2017 год у тры з паловай разы скарацілася папуляцыя эўрапейскай норкі (з 351 да 101 асобін), істотна зьменшылася таксама колькасьць беларускіх мядзьведзяў (з 119 засталося 68) і рысяў (з 771 засталося 489).

Зуброў стала больш

Сярод млекакормячых, унесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, рост пагалоўя адбываецца толькі ў зуброў. У статыстычнай справаздачы дадзеныя за 2014 год аб іх колькасьці адсутнічаюць, аднак, згодна з інфармацыяй, якую Thinktanks. by атрымаў зь іншых крыніц, у той час у краіне жыло 1270 зуброў. У канцы 2017 году спэцыялісты налічылі 1423 зубры.

Разьвядзеньне гэтых жывёл у Беларусі пачалося ў 1946-1947 гадах, калі з Польшчы ў Белавескую пушчу завезьлі 10 асобін, якія сталі заснавальнікамі беларускай папуляцыі. У 1994 годзе ў Беларусі налічвалася ўжо 347 зуброў.

Расьце колькасьць паляўнічых жывёл

У адрозьненьне ад «чырванакніжных» млекакормячых, колькасьць асноўных паляўнічых жывёл у Беларусі расьце. У прыватнасьці, з 2014 па 2017 год у краіне вырасла з 30,1 да 36,3 тысяч пагалоўе ласёў, з 13,6 да 21,5 тысяч — пагалоўе высакароднага аленя, з 71,5 да 92,8 тысяч — пагалоўе казуль, са 152,8 да 167,5 — колькасьць зайцоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG