Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачка Ліс: Ня хутка захачу пачытаць штосьці з клясыкі


Дар’я Ліс

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае журналістка Дар’я Ліс.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Чытаю трэцюю кнігу «Нэапалітанскага цыклю» раманаў Элены Фэрантэ (Elena Ferrante) — «Тыя, якія сыходзяць, і тыя, якія застаюцца». Гісторыя жыцьця і сяброўства дзьвюх сябровак з поўдня Італіі. Фэрантэ — псэўданім, а пра сапраўднае імя адной з самых вядомых італьянскіх пісьменьніц сучаснасьці працягваюць спрачаюцца чытачы і крытыкі. Думаю, такое чытво — водгук майго захапленьня Італіяй, яе мовай, культурай, кухняй… Як і дэтэктывы Даната Карызі (Donato Carrisi), страшныя сюжэты якога прымушаюць ня толькі сачыць за расповедам, спрабуючы знайсьці забойцу, але адчуць колеры краіны, яе водары і смакі.

Да таго ж мне трапіў у рукі «Ідыш-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй Аляксандра Астравуха — гартаю! І праглядаю цудоўныя малюнкі беларускіх сінагогаў, зробленыя мастаком Сяргеем Верамейчыкам. 25 000 слоўных артыкулаў, 50 000 словаў, больш за 5 000 прыказак і прымавак, ідыёмы, цытаты, показкі, блаславеньні і праклёны, кароткая этымалёгія словаў… Вельмі цікава зазірнуць у гэты трагічна страчаны і адноўлены энтузіястамі — часткова адноўлены! — сьвет мовы габрэяў Усходняй Эўропы. Сьвет, што стагодзьдзямі быў побач з намі…

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Так шмат харошых кніг і так мала часу… Я люблю добры дэтэктыў. Нічога не магу з сабой зрабіць — найбольш чытаю менавіта дадзены жанр! Мне падабаецца сэрыя амэрыканкі Элізабэт Джордж (Elisabeth George) пра інспэктара Лінлі — зь цікавасьцю чакаю новы раман сэрыі. Пакуль ён выдадзены толькі па-ангельску, а ў мяне з гэтай мовай не складваюцца адносіны.

Не, я шмат чытаю і сучаснай прозы без элемэнтаў крыміналу… «Зулейха расплюшчвае вочы» Гузель Яхінай — раман пра раскулачваньне 30-х. Моцная рэч, моцна зачапіла.

Выдатная кніга і новы погляд на другую сусьветную — Энтані Дор (Anthony Doerr), «Увесь нябачны нам сьвет». Тэкст пакідае ў галаве малюначкі і пытаньні — адказы зьяўляюцца трохі пазьней, складваюцца ў нейкі суцэльны пазл.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Часьцей — «паходы» па інтэрнэт-крамах. Стужка фрэндаў-інстаграмшчыкаў. Парада сяброў або нестандартнае інтэрвію зь нейкім літаратарам таксама могуць падштурхнуць набыць або спампаваць новы твор. «Беларусаў» прынцыпова набываю. Або атрымліваю ў падарунак. Дарэчы, я з тых людзей, для якіх кніга ці падарожжа — а кніга і ёсьць падарожжа! — найлепшы падарунак… Замежнікаў часьцей пампую бясплатна. Так, гэта пірацтва, але не магу сабе дазволіць набыць усё, што хачу прачытаць, — факт.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Тое, што чалавек у вазку і на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх — Кале Кёнкяля (Kalle Könkkölä) з Фінляндыі — можа быць палітыкам ды актыўным падарожнікам.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

«Прыгоды барона Мюнхгаўзэна» у перакладзе Ігара Крэбса. Паводле клясычнай нямецкай вэрсіі. Але па шчырасьці, у школе і потым на філфаку я зашмат чытала клясыкі — беларускай, расейскай, замежнай. Колас і Купала, Мележ і Быкаў, Талстой, Чэхаў, Бальзак… Ня хутка захачу пачытаць штосьці з клясыкі, хоць некаторыя прабелы тут маюцца (амаль ня ведаю Кафкі і Гесэ, напрыклад).

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Правакацыйнае пытаньне. У Беларусі? Многіх:) Мне падаецца, у нас шмат таленавітых і разумных людзей. Людзей слова ў тым ліку. Уладзімер Някляеў пісаў, што творчасьць — практыкаваньні ў свабодзе… Свабоды нам не хапае, але надзеі не губляем, праўда ж?

Сачу таксама за творчасьцю нашых беластоцкіх пісьменьнікаў: Міхась Андрасюк, Ганна Кандрацюк-Сьвярубская, Міра Лукша… Ведаю многіх, дзякуючы літаратурнаму сэмінару «Бязьмежжа» у Белавескай пушчы. З тых, хто піша па-расейску, чытаю Рубіну, Уліцкую, Абгаран. Сайты Colta.ru, meduza.io. У пляне навінаў мне падабаецца стыль BBC.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Не апошнім часам, але… «Манюня» Нарынэ Абгаран. Расповед пра дзяцінства і сям’ю армянскай дзяўчынкі. Мне ўвогуле вельмі падабаюцца кнігі гэтай пісьменьніцы, якая піша па-расейску, але застаецца пры тым армянкай і грамадзянкай сьвету адначасова. Распавядае пра рэчы, важныя для кожнага з нас, якія прымушаюць то сьмяяцца, то плакаць, то філязафаваць — кавалачкі жыцьця, прасякнутыя сонцам, гумарам, мясцовым калярытам. Тут і сяброўства, і каханьне, і мірнае жыцьцё, і вайна.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Бадай, найбольш моцна мяне ўразіла «Чарнобыльская малітва» Сьвятланы Алексіевіч. Гэта быў пераклад на беларускую мову ў часопісе «Полымя». І гэта было даўно… Моцная рэч. Думаю, мая малодшая сястра Саша пайшла вучыцца на эколяга менавіта дзякуючы ёй. То бок на яе тэкст паўплываў яшчэ мацней… Мы з сястрой падобныя тым, што хутка захапляемся сьветам кнігі, а гэта моцна перашкаджае вырашаць апэратыўныя працоўныя пытаньні. Лепш не рызыкаваць і не даваць нырца ў таленавіты тэкст шэрымі буднямі — яны такога не даруюць! Хранічны недасып пасьля «кніжных» начэй цяжка вытрымліваць днём, маючы тэрміновую працу і зусім не літаратурныя тэксты. Ня кажучы пра дом і сям’ю. Сястра стала больш асьцярожнай. І я таксама.

«З хваробай трэба навучыцца жыць»

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Шмат добрых водгукаў чула аб прозе расейскага пісьменьніка Яўгена Вадалазкіна, але першая яго кніга — «Лаўр» — моцна мяне расчаравала. «Авіятар» пайшоў ужо лепш. Моцна расчаравалі дэтэктывы нарвэжца Ю Нэсьбё — зусім не пайшлі! Занадта змрочныя? Думаю, я папросту не люблю холаду — нават у кнігах! Не спадабаўся «Хазарскі слоўнік» Міларада Павіча і «Нарвэскі лес» Харукі Муракамі. Магчыма, не дарасла.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Фантастыку? Амаль не чытаю фантастыку (шмат чытала ў школе!) Зрэшты, Рэя Брэдбэры («Віно з дзьмухаўцоў», «451 градус паводле Фарэнгейта») і Курта Ванэгута («Сырэны Тытана») люблю і сёньня. Дакладна не люблю жаночыя раманы і дэтэктывы, дзе ты разгадваеш інтрыгу зь пятай старонкі.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Зазвычай чытаю вечарам, перад сном… І заўжды рызыкую ня выспацца! А найбольш люблю летняе чытаньне, калі цёпла, нават горача… Можна запарыць сабе кубачак моцнай кавы пасьля абеду і выйсьці зь ім (і з кніжкай!) на наш ганак-тэрасу. Тут хапае месца і для стала, і для старога крэсла, і для кінутых пляменьніцамі ровараў… Думаю, гэта мой любімы від адпачынку — чытаньне ў шортах пад вінаградам! І проста шыкоўна, калі тэрмомэтр паказвае 30 і больш градусаў.

У асноўным чытаю кнігі ў электронным варыянце: мой першы Kindl прывезла са Штатаў стрыечная сястра Воля — у падарунак на дзень народзінаў. Потым я сама набывала розныя мадэлі ў падарунак маме, сястры, цётцы… Падахвоціла і іх карыстацца сучаснымі тэхналёгіямі. Што тычыцца падручнікаў, слоўнікаў, то тут застаюся прыхільніцай клясыкі — папяровы варыянт запамінаецца лепш.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

У агульных рысах — так. Штосьці стаіць на паліцах у маім пакоі — тое, што трэба пачытаць у хуткім часе, рэшта філфакаўскіх падручнікаў, слоўнікі, любімыя зборнікі паэзіі, парачка любімых аўтараў. Ёсьць асобная паліца сучаснай беларускай літаратуры з аўтографамі. Штосьці знаходзіцца ў залі ці на другім паверсе. Шмат кніг разышліся па хаце і… сьвеце. Не шкадую — дом не бязьмежны і паліцаў не хапае, а кнігі жывуць сваім жыцьцём і трапляюць да патрэбных людзей у патрэбны час. Я спадзяюся. Даўно думаю пра «апгрэйд» сваёй асабістай прасторы ў пляне ўпарадкаваньня існуючых і разьмяшчэньня новых кніг.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Хіба спалучэньне неспалучальнага?

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Усе кніжныя падарункі цудоўныя.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Улюбёная? Міс Марпл, канечне! Люблю дэтэктывы ў брытанскім стылі.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

І мама, і бабуля — настаўніцы, таму ня дзіва, што навучылася чытаць у чатыры гады і чытала шмат. Хм, што згадваецца? Маміна старая кніжка пра індзейскую дзяўчынку — «Суджок і яе бабры». Казкі Астрыд Ліндгрэн. «Два капітаны» Веніяміна Каверына. Увесь Міхаіл Герчык. «Дзінку» Асеевай (цікава, ці шмат хто яе згадваў) чытала разы тры!

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Працы Міколы Ермаловіча.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Дануту Янаўну Бічэль. У яе выдатнае пачуцьцё гумару.

Данута Бічэль і Дар’я Ліс
Данута Бічэль і Дар’я Ліс

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Сваіх пляменьніц:) І хай гэта будуць сьмешныя казкі і гісторыі!

Што вы перачытваеце?

Брыля, Караткевіча, Булгакава, Гэмінгуэя.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Кнігі Стывэна Хокінга, «Маленькае жыцьцё» Хан’і Янагіхары, «Шчыгол» Доны Тарт, «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча, «Губэрнскі дэтэктыў» Ксеніі Шталенковай, кнігі перакладной сэрыі «Амэрыканка», пару кніг са «свабодаўскай» бібліятэкі.

Зь лета-2017 мяне чакаюць дзьве таміны ўкраінскага дэтэктыўшчыка Ўладзіслава Іўчанкі. Прыехалі яны са Львова, дзякуючы майму калегу на радыё. Гэта падарунак украінскай сяброўкі — перакладчыцы і літаратаркі Ірыны Навіцкай, якая палюбіла беларускую культуру, вывучыла мову. Чаму я да іх не дабралася? Выключна з-за вагі! Таму я і люблю лёгкія электронныя чыталкі — рукам хапае моцы трымаць іх.

А яшчэ я б вельмі хацела пачытаць «Віленскі трыптых» Зьбігнева Жакевіча ў перакладзе на беларускую мову. Беларускі Муракамі дачакаўся свайго фаната-перакладчыка — Тацяну Кляшчонак. Чакае выдаўца-фундатара.

Літанкета Свабоды: Дар’я (Даша) Ліс

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG