Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмяротная гарачыня можа ператварыць густанаселеныя раёны Кітаю ў бязьлюдную пустыню


Адно з самых густазаселеных месцаў плянэты — Паўночнакітайская раўніна — да канца стагодзьдзя зробіцца непрыдатным для жыцьця, калі ня ўдасца спыніць кліматычныя зьмены, піша The Guardian.

Новыя дасьледаваньні паказваюць, што вільготныя хвалі гарачыні, ад якіх за лічаныя гадзіны могуць памерці нават самыя здаровыя людзі, у 2070-2100 гадах некалькі разоў абрынуцца на гэты рэгіён, калі рэзка ня зьнізяцца выкіды вуглякіслага газу.

На згаданай тэрыторыі жыве каля 400 мільёнаў людзей, якія занятыя пераважна ў сельскай гаспадарцы і ня маюць магчымасьці для працы ў іншым месцы.

Навукоўцы ацанілі ўзьдзеяньне кліматычных зьменаў на сьмяротную камбінацыю гарачыні і вільготнасьці, якая вымяраецца ў гэтак званай «тэмпэратуры мокрага тэрмомэтра» (wet bulb temperature, WBT). Калі WBT дасягае 35 градусаў паводле Цэльсія, паветра робіцца такім гарачым і вільготным, што цела чалавека страчвае здольнасьць зьніжаць сваю тэмпэратуру праз выдзяленьне поту, і ў такіх умовах нават фізычна моцныя людзі, седзячы ў ценю, паміраюць праз шэсьць гадзін.

Іншымі патэнцыйна небясьпечнымі для жыцьця мясьцінамі могуць стаць даліны рэкаў Інду і Гангу, а таксама ўзьбярэжжа Пэрсыдзкай затокі. Аднак найбольшая пагроза чакае жыхароў Паўночнакітайскай раўніны.

Галоўным сродкам прадухіленьня катастрофы навукоўцы бачаць істотнае зьніжэньне «парніковага эфэкту». Аднак, паводле іх, у Кітаі нават і гэтага будзе недастаткова. Апрача зьніжэньня выкідаў вуглякіслага газу, будзе неабходна стварыць сыстэму кандыцыянаваных сховішчаў, а таксама адукоўваць насельніцтва, тлумачачы небясьпеку надзвычайнай гарачыні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG