Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Славаччыны: «Начныя ваўкі» — пагроза бясьпецы краіны


Старая вайсковая тэхніка на базе «Начных ваўкоў» ў адной зь вёсак на паўднёвым захадзе Славаччыны

Байкерскі клюб «Начныя ваўкі», які адкрыў эўрапейскую базу ў Славаччыне, уяўляе пагрозу для бясьпекі краіны. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Славакіі Андрэй Кіска.

«Заснавальнік „Начных ваўкоў“ апынуўся ў санкцыйным сьпісе за ўдзел у анэксіі Крыму і ня можа падарожнічаць па Эўразьвязу», — сказаў Кіска. Ён дадаў, што стварэньне ў Славаччыне штабу эўрапейскіх «Начных ваўкоў» — гэта зьдзек над пазыцыяй краіны па Крыме.

Кіска раскрытыкаваў кіраўніка славацкай паліцыі Мілана Лучанскага. Раней ён заявіў, што праваахоўныя органы ня могуць прыняць захадаў супраць «Начных ваўкоў», бо арганізацыя не парушае закон.

Прэзыдэнт заклікаў урад падтрымаць сілы бясьпекі ў іх барацьбе супраць «сумнеўных супольнасьцяў», якія распаўсюджваюцца ў Славаччыне.

«Начныя ваўкі» адкрылі сваю базу ў адной зь вёсак на паўднёвым захадзе Славаччыны 23 чэрвеня пры ўдзеле расейскіх дыпляматаў. Яна будзе знаходзіцца ў спэцыяльна збудаваным будынку на прыватнай тэрыторыі, якая належыць славацкаму байкеру і бізнэсмэну Ёзэфу Гамбалку. Ён сьцьвярджае, што ня мае ніякага дачыненьня да ідэалёгіі «Начных ваўкоў». Гамбалэк сьцьвярджае, што грамадзяне Расеі ў славацкі клюб не ўваходзяць.

"Авангард Путина" в Словакии
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:10 0:00

Радыё Свабода ўдалося зьняць базу з дапамогай бесьпілётніка. На кадрах можна разглядзець вялікую колькасьць старой вайсковай тэхнікі — танкаў і бронемашын. Пры гэтым, журналісты сутыкнуліся з пагрозамі з боку прадстаўнікоў арганізацыі.

Каля двухсот славацкіх палітыкаў, вайскоўцаў, журналістаў і дзеячаў мастацтва падпісалі пэтыцыю, у якой заклікалі ўрад зачыніць базу.

У МЗС Славаччыны паабяцалі, што дзейнасьць «Начных ваўкоў» будзе знаходзіцца пад пільным кантролем. Паліцыя запэўнівае, што вайсковая тэхніка на базе — састарэлая, і пагрозы не прадстаўляе.

Вядомыя як прыхільнікі прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна «Начныя ваўкі» і іх лідэр Аляксандр Залдастанаў па мянушцы Хірург знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі за іх падтрымку баявых дзеяньняў прарасейскіх сіл ва Ўкраіне. Дзеяньні ўдзельнікаў клюбу, якія рэгулярна спрабуюць зрабіць мотапрабег па Эўропе, успрымаюцца як правакацыйныя і палітычна матываваныя.

«Начныя ваўкі» сьцьвярджаюць, што вывучаюць гісторыю і спадчыну Расеі, у тым ліку за мяжой.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG