Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БДУ выдаваў выпускнікам дыплёмы, напісаныя тарашкевіцай. ФАТАФАКТ


Выпускны ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, архіўнае фота

Афіцыйная суполка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў сетцы «УКантакце» апублікавала фота дыплёму выпускніцы 1930 году.

Дыплём выпускніка БДУ 1930 году
Дыплём выпускніка БДУ 1930 году

Дыплём аформлены па-беларуску, клясычным правапісам. Так званая «тарашкевіца» афіцыйна выкарыстоўвалася ў БССР да рэформы беларускай артаграфіі 1933 году.

Здымкамі зь сямейнага архіву падзялілася Кацярына Ванхадла, якая сёлета паступіла ў БДУ.​

Дыплём выпускніка БДУ 1930 году
Дыплём выпускніка БДУ 1930 году

Важныя адрозьненьні «тарашкевіцы» ад «наркамаўкі»:

  1. Асыміляцыйная мяккасьць зычных заўсёды пазначаецца мяккім знакам: сьвятло, дзьверы, зьехаў;
  2. Е пераходзiць у Я ў першым складзе перад нацiскам у «не» й «без», нават калi яны пiшуцца асобна;
  3. Зьбегi зычных пiшуцца як чуваць: чэскі, пяшчаны, сьмяесься;
  4. Заўсёды пазначаецца пераход У ў Ў пасьля галосных: ва Ўкраіне;
  5. Словы з заходнеэўрапейскiх моваў зьберагаюць Л мяккае: лямант, акуляры, калёна;
  6. Яны ж зьберагаюць цьвёрдасьць іншых зычных: сэсія, праспэкт, газэта.

У 1918 годзе мовазнаўца Браніслаў Тарашкевіч нармалізаваў правапіс у кнізе «Беларуская граматыка для школ». Кніга вытрымала 8 выданьняў лацінкай і кірыліцай, апошняе ў 1991 г. Тарашкевіца ўжывалася ў БССР да рэформы правапісу ў 1933 годзе, а ў Заходняй Беларусі да 1939 году.

У 1988 годзе газэта «Літаратура і мастацтва» апублікавала адкрыты ліст «Рэпрэсаваны правапіс» з заклікам да рэдактараў літаратурных выданьняў не зьмяняць правапіс у тэкстах аўтараў, напісаных клясычным правапісам. У 1990-х гадах тарашкевіцай пачалі пісаць творы Васіль Быкаў, Вячаслаў Адамчык, Уладзімер Арлоў, іншыя пісьменьнікі.

5–6 сьнежня 1998 г. у Празе адбылася правапісная канфэрэнцыя з удзелам мовазнаўцаў, журналістаў і пісьменьнікаў зь Беларусі і дыяспары, якая абмеркавала праект сучаснай нармалізацыі клясычнага правапісу, падрыхтаваны Вінцуком Вячоркам.

У 2005 годзе ў кнізе «Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў» філёлягі Юрась Бушлякоў, Вінцук Вячорка, Зьміцер Санько і Зьміцер Саўка сыстэматызавалі сучасны варыянт тарашкевіцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG