Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 армянскіх крокаў супраць карупцыі і самаўладзьдзя


Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян з новым урадам, 13 траўня 2018
Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян з новым урадам, 13 траўня 2018

За амаль тры месяцы прабываньня Нікола Пашыньяна на пасадзе прэм’ер-міністра Армэніі, ягоны ўрад зрабіў шэраг рашучых крокаў у барацьбе з карупцыяй і правапарушэньнямі былой уладнай эліты.

Самым рэзанансным крокам на гэтым шляху стаў нядаўні арышт былога прэзыдэнта Армэніі Робэрта Качар’яна, якому выстаўлена абвінавачаньне ў зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу.

Прапануем вам пералік найважнейшых дзеяньняў новых уладаў Армэніі з мэтай ачышчэньня палітычнага жыцьця краіны ад заганаў мінулага.

1. Арышт былога прэзыдэнта Робэрта Качар’яна

Робэрт Качар’ян, прэзыдэнт Армэніі ў 1998—2008 гг., быў арыштаваны 27 ліпеня тэрмінам на два месяцы. Ён абвінавачваецца ў замаху на канстытуцыйны лад краіны. Абвінавачаньне датычыць сілавога разгону акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у лютым 2008 году, пераможцам якіх стаў Сэрж Саргсьян. Тады мітынгоўцы, прыхільнікі Лявона Тэр-Петрасьяна, які пацярпеў паразу на выбарах, патрабавалі перагляду вынікаў галасаваньня. У сутычках з паліцыяй у Ерэване 1 сакавіка 2008 загінулі 10 чалавек. Качар'ян абвясьціў 20-дзённае надзвычайнае становішча ў краіне. Тэрмін ягоных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў закончыўся 9 красавіка 2008.

Серж Саргсьян (зьлева) і Робэрт Качар’ян
Серж Саргсьян (зьлева) і Робэрт Качар’ян

Качар’ян называе выстаўленыя яму абвінавачваньні палітычна матываванымі, а справу — сфабрыкаванай. Ён утрымліваецца ў такіх самых умовах, што і ўсе іншыя арыштаваныя ў краіне.

2. Адстаўка кіраўніка фонду дапамогі

Ара Варданьян, які каля 10 гадоў кіраваў ўсеармянскім фондам «Аястан», быў затрыманы Службай нацыянальнай бясьпекі Армэніі 3 лiпеня па падазрэньні ў прысваеньні сродкаў і злоўжываньні паўнамоцтвамі службоўца грамадзкай арганізацыі. а 5 ліпеня быў вызвалены пад заклад.

Ара Варданьян
Ара Варданьян

Паводле паведамленьня службы, Варданьян прызнаўся, што, валодаючы крэдытнай карткай фонду з крэдытнай лініяй у 25 мільёнаў драмаў (50 тысяч даляраў), ён выкарыстаў гэтыя сродкі ў асабістых мэтах, у тым ліку робячы стаўкі ў онлайн-казіно. Паводле Варданьяна, выдаткаваныя з крэдытнай карткі сродкі ён вярнуў за кошт іншых ахвяраваньняў у фонд. Затым Варданян асабістыя грошы пералічыў бугальтэрыі, тым самым схаваўшы факт прысваеньня ім сродкаў фонду. Варданьян быў вызвалены пад застаў 5 ліпеня, а 9 ліпеня заявіў аб сваёй адстаўцы з пасады кіраўніка фонду.

3. Крымінальны перасьлед былога міністра абароны

У пачатку ліпеня была распачатая крымінальная справа супраць былога міністра абароны Мікаэла Аруцюньяна. Яго абвінавачваюць у датычнасьці да жорсткага разгону пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2008 году і «зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу паводле папярэдняй змовы зь іншымі асобамі».

4. Крымінальны перасьлед брата былога прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна

У пачатку ліпеня спэцыяльная сьледчая служба выставіла абвінавачаньні ў незаконным узбагачэньні Лявону Сяргсьяну, брату прэзыдэнта Армэніі Сэржа Саргсьяна ў 2008—2018 гг. Падобныя абвінавачаньні былі выстаўлены таксама сыну і дачцэ Лявона Саргсьяна.

5. Арышт былога намесьніка міністра абароны

Пад канец чэрвеня быў арыштаваны дэпутат парлямэнту, былы генэрал і намесьнік міністра абароны Армэніі Манвэл Грыгар’ян. Ён быў абвінавачаны ў прысваеньні гуманітарнай дапамогі для армянскіх салдат і ў незаконным валоданьні зброяй. Таксама арыштаваныя жонка Грыгар’яна і яго сын, мэр буйнога гораду Эчміядзін.

6. Зьмена губэрнатараў

1 ліпеня ўрад Нікола Пашыньяна памяняў 8 з 10 кіраўнікоў вобласьцяў краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG