Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка не прыехаў. Але Гомель атрымаў новую бальніцу, туі ў бочках і плітку


Апошні тыдзень Гомель, асабліва ў цэнтры, перажываў камунальную ліхаманку. Чакалі прыезду Аляксандра Лукашэнкі. Меркавалася, што ён возьме ўдзел у адкрыцьці новай дзіцячай бальніцы. Па цэнтры гораду раскатвалі новы асфальт, на тратуарах і на плошчы Леніна клалі новую плітку з элемэнтамі нацыянальнага арнамэнту. Фасады будынкаў на Савецкай вуліцы пафарбавалі ў рэжыме аўралу. А высокі госьць не прыехаў.

Інтрыга захоўвалася да сёньня. Вечарам 26 ліпеня каля новай дзіцячай бальніцы быў заўважаны «Майбах». Карыстальнікі сацыяльных сетак выкладвалі здымкі з картэжамі, якія насіліся па Савецкай каля 23.00. А восьмай раніцы 27-га гамельчукі зноў бачылі і здымалі картэжы. Каля новай дзіцячай бальніцы заўважылі мноства «людзей у цывільным» і грузавік «Беларускага тэлебачаньня», на скрыжаваньнях у цэнтры дзяжурылі супрацоўнікі ДАІ. Работнікі «Гомсельмашу» павінны былі прад’яўляць на прахадной ня толькі пропуск, але і пашпарт — вынікам стала доўгая чарга. «Лукашэнка едзе, Лукашэнка едзе», — горад быў перапоўнены чуткамі.

Недзе а дзявятай 27 ліпеня — адпусьціла. «Людзі ў цывільным» зьніклі, як і «Майбах». Супрацоўнікі ДАІ пакінулі свае часовыя пасты, «БТ» зьехала.

Рыхтаваўся горад да візыту старанна. Дворнікі ня толькі зьмяталі лужыны, але і з дапамогай камунальнай тэхнікі адпампоўвалі зь іх ваду. На плошчы Леніна ня толькі паклалі новую плітку з элемэнтамі нацыянальнага арнамэнту, але і пафарбавалі яе ў больш насычаны чырвоны колер. Траву, якая прарасла праз плітку, камунальнікі старанна выскубалі і выразалі нажамі. Адзін з дворнікаў паскардзіўся, што 26 ліпеня яны працавалі да 22.00, а 27-га мусілі быць на працы — не на сваім участку — а сёмай раніцы.

«Вылізалі» за гэтыя дні ня толькі дзіцячую бальніцу, вуліцы Жаркоўскага і Савецкую, але і Яфрэмава. Меркавалася, што менавіта тут праедзе прэзыдэнцкі картэж. «Пад удар» трапілі і мэдыкі — кожная ўстанова аховы здароўя на працягу апошніх тыдняў «выдзяляла» прыбіраць дзіцячую бальніцу па 10–20 чалавек. Яны выконвалі функцыі дабрачыннай клінінгавай кампаніі — са сваімі анучамі драілі новыя бальнічныя карпусы.

Лукашэнка не прыехаў. А горад атрымаў новыя дарогі, тратуары, пліткі, туі ў бочках, пафарбаваныя фасады. І самае галоўнае — новую дзіцячую бальніцу з сучасным абсталяваньнем. У некаторых аддзяленьнях ужо лекуюцца малыя пацыенты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG