Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы высьветлілі, што прымаць у капсулах Амэгу-3 амаль няма сэнсу


Амэга-3 зьяўляецца адным з улюбёных у сьвеце харчовых дадаткаў. Але вялікае новае дасьледаваньне паказала, што прымаць рыбін тлушч у выглядзе капсул Амэга-3 або зусім няма сэнсу, або карысьць ад гэтага прыёму будзе зусім невялікая.

Пра гэта ў брытанскай газэце The Guardian за 25 ліпеня піша публіцыст Пол Грынбэрг.

Новае мэта-дасьледаваньне

Брытанская навуковая арганізацыя Cochrane, якая зьбірае і аналізуе вынікі мэдычных дасьледаваньняў па ўсімі сьвеце, выпусьціла так званы мэта-аналіз (або дасьледаваньне дасьледаваньняў) на тэму, ці дапамагае прыём капсулаў Амэга-3 скараціць рызыку ішэмічнай хваробы сэрца.

што ж пасьля такіх высноваў будзе зь вялікім бізнэсам па вытворчасьці капсул Амэга-3, які па ўсім сьвеце ацэньваецца на 30 млрд даляраў

Пасьля параўнаньня 79 дасьледаваньняў, якія ахапілі 112.059 чалавек, дасьледчыкі не знайшлі ніякай або знайшлі вельмі малую (зьнікомую) розьніцу паміж тымі, хто рэгулярна бярэ Амэгу-3 і тымі, хто гэтага ня робіць, калі мова ідзе пра рызыку сардэчна-судзінных хвароб і сьмерцяў ад іх.

Цяпер, піша Пол Грынбэрг, паўстае пытаньне, што ж пасьля такіх высноваў будзе зь вялікім бізнэсам па вытворчасьці капсул Амэга-3, які па ўсім сьвеце ацэньваецца на 30 млрд даляраў.

Грынбэрг дадае, што вынікі новага мэта-дасьледаваньня Cochrane яго не зьдзівілі. За апошнія 15 гадоў больш за 20 дасьледаваньняў паказалі аналягічную адсутнасьць эфэкту.

Страты ад вырабу Амэгі-3

Магчыма, піша далей Пол Грынбэрг, рыбін тлушч у капсулах Амэга-3 і робіць нешта важнае ў нашых целах, але калі мы ня будзем думаць у больш шырокім кантэксьце пра марскія арганізмы, якія той тлушч утрымліваюць, Амэга-3 згубіцца ў «шуме мэтабалізму чалавека і сучаснага маркетынгу».

Сёньня ў сьвеце створаныя гіганцкія прамысловыя магутнасьці, якія забіваюць рыбу для атрыманьня тлушчу. У наш час, адзін з кожных чатырох кіляграмаў вылаўленай рыбы перапрацоўваецца ў алей і адкіды, якія выкарыстоўваюцца пасьля ў сельскай гаспадарцы і жывёлагадоўлі.

У рыбе карысны ня толькі тлушч, але і бялок

Грынбэрг піша, што і бяз вырабу Амэгі-3 рыба і морапрадукты могуць прынесьці значную карысьць здароўю і вялікія экалягічныя выгады. Рыба, апрача Амегі-3, забясьпечвае нас бялком са значна меншай колькасьцю калёрый у параўнаньні зь мясам: 100 г ласося зьмяшчаюць 139 калёрый і 23 г бялку. У той час як у 100 г ялавічыны зьмяшчаецца 210 калёрый і 20 г бялку.

100 г ласося зьмяшчаюць 139 калёрый і 23 г бялку. У той час як у 100 г ялавічыны зьмяшчаецца 210 калёрый і 20 г бялку

А ёсьць яшчэ і такі цуд, піша Грынбэрг, як мідыі, малюскі і вустрыцы, перавагі якіх яшчэ больш экстрэмальныя. Гэта сапраўдныя чысьцільшчыкі мора. Двухстворкавых ня трэба карміць, яны робяць ваду чыстай і забясьпечваюць бялком у 30 разоў больш эфэктыўным, чым буйная рагатая жывёла.

У сьвеце пакуль ня зроблена вялікага эпідэміялягічнага дасьледаваньня, якое б дало адназначны адказ пра карысьць спажываньня рыбы і патрэбную яе колькасьць у дыеце. Ёсьць дасьледаваньні, якія сьведчаць, што спажываньне рыбы два разы на тыдзень зьніжае сьмяротнасьць.

Але вось што, паводле Грынбэрга, мы ведаем дакладна. Прамысловасьць па вырабе капсулаў Амэга-3 скарачае колькасьць рыбы на нашым стале і павялічвае колькасьць слоікаў з капсуламі Амэга-3 у нашых хатніх аптэчках.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG