Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць жанчын, у тым ліку беларуска, абвінавачваюць аўстрыйскага дырыжора ў сэксуальных дамаганьнях


Жанчыны-музыкі абвінавацілі арганізатараў аўстрыйскага фэстывалю клясычнай музыкі ў ігнараваньні скаргаў на неналежныя паводзіны дырыжора Густава Куна на працягу многіх гадоў.

Паводле агенцтва Associated Press, адкрыты ліст пяці аўтарак быў апублікаваны ў сераду.

Жанчыны сьцьвярджалі, што аўстрыйскі дырыжор Густаў Кун падвяргаў іх непажаданым пацалункам, вобмацкам, зьдзекам і публічным прыніжэньням падчас іх удзелу ў Тырольскім Фэстывалі Erl паміж 1998 і 2017 гадамі.

Пяць аўтарак — гэта беларуская скрыпачка Алена Даргель, нямецкая сьпявачка сапрана Бэтын Камп, альбанская скрыпачка Нінэла Ламай, нямецкая сьпявачка мецца-сапрана Юлія Оэш і швэйцарская сьпявачка сапрана Мона Сом.

Жанчыны сьцьвярджаюць, што арганізатары фэстывалю няздольныя рэагаваць на іх шматлікія скаргі.

«Шмат разоў межы асабістай годнасьці і павагі былі праігнараваныя і парушаныя... Мы абураныя тым, што нягледзячы на добра вядомыя факты, неабходныя наступствы не наступілі дагэтуль», — пішуць яны.

У заяве адваката фэстывалю Майкла Кругера адкрыты ліст названы «проста безадказным». Паводле адваката, Кун будзе абараняць сябе юрыдычна.

Austria Press Agency цытуе прэсавага сакратара пракуратуры Інсбруку, Флярыяна Обэргофэра, які заявіў, што абвінавачваньні расьсьледуюцца.

У пачатку сёлетняга фэстывалю яго прэзыдэнт Ганс Пэтэр Хазэльштайнэр раскрытыкаваў мясцовага блогер за публікацыю сьцьвярджэньняў пра дамаганьні Густава Куна, кажучы што дырыжор «да гэтага часу не хавае, што яму падабаецца. Віно, жанчыны і песьні — гэта рэчы, якія мы ўсе можам зразумець».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG