Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб схуднець, трэба есьці, або Што такое кетадыета


Як лекары, сьведчым: усё, што зьвязана зь ежай, вельмі турбуе нашых пацыентаў.

Нашая каляжанка і добрая сяброўка, «зорны» расейскі дыетоляг Маргарыта Каралёва парадаксальна, але трапна кажа, што каб схуднець трэба... есьці.

Менавіта таму апошнім часам у моду ўвайшла так званая кетадыета, якая выклікае шмат пытаньняў як у лекарскай аўдыторыі, гэтак і сярод простых пацыентаў.

Што гэта такое

Сама назва кетадыеты не зьяўляецца новай, яна ўпершыню была прапанавана больш за 40 гадоў таму амэрыканскім кардыёлягам Робэртам Аткінсам, які сам пакутваў на залішнюю вагу. Але ў той час гэтая дыета не называлася такім адмысловым тэрмінам.

Сутнасьць кетадыеты палягае ў тым, што чалавек павінен рэзка абмежаваць паступленьне вугляводаў і перайсьці на спажываньне той ежы, якая багата на бялкі — мяса, яйкі, сасіскі, сыр.

Як кетадыета працуе

Што адбываецца ў такім выпадку? Клеткі арганізму бяруць энэргію для сваёй дзейнасьці ад вугляводаў, гэта значыць ад цукру, які ўваходзіць у склад прадуктаў пераважна зь лёгка спажывальнымі вугляводамі — бульбы, локшыны, здобы.

Калі гэтыя прадукты абмяжоўваць, то ў арганізм будзе трапляць недастатковая колькасьць вугляводаў, і клеткам трэба будзе шукаць іншыя крыніцы энэргіі для сваёй дзейнасьці. Вось тады такой крыніцай і стануць так званыя кетонавыя целы, якія ў вялікай колькасьці пачнуць выпрацоўвацца пры паступленьні прадуктаў, багатых на бялок.

Гэта прывядзе да таго, што, з аднаго боку, чалавек добра і якасна харчуецца за кошт бялковай ежы і ня мае пачуцьця голаду, а зь іншага, абмяжоўвае вугляводы, што якраз і прывядзе да зьніжэньня вагі.

Наколькі кетадыета здаровая

У апошнія гады даказана, што кетадыета можа садзейнічаць зьніжэньню колькасьці і інтэнсіўнасьці эпілептычных прыпадкаў у дзяцей, прычым на ўзроўні са спэцыфічнымі супрацьсутаргавымі лекамі.

У практыцы «дарослай» мэдыцыны падобных дадзеных няма, гэтак жа як і наконт прафіляктычных магчымасьцяў кетадыеты адносна хваробы Альцгаймэра і Паркінсана. Цяпер у гэтым кірунку праводзяцца буйныя навуковыя дасьледаваньні.

Таксама лекары маюць зьвесткі пра магчымасьць прафіляктыкі раку галаўнога мозгу пры дапамозе кетадыеты. У невялікіх дасьледаваньнях даказана, што кетадыета можа спрыяць зьніжэньню ўзроўню цукру крыві ў пацыентаў з цукровым дыябэтам, а таксама спачатку павышэньню, а потым зьніжэньню ўзроўню халестэрыну.

Але зьвесткі наконт халестэрыну пакуль зьяўляецца спрэчнымі і патрабуюць дадатковага пацьвярджэньня.

Што мае быць мэтай дыеты

Важна падкрэсьліць, што любая дыета павінна ставіць на першы плян не пахудзеньне, але фармаваньне здаровага стэрэатыпу харчаваньня — гэта значыць ужываньне тых прадуктаў, якія, згодна з сучасным навуковымі дадзенымі, садзейнічаюць прафіляктыцы сардэчна-судзінных, анкалягічных хваробаў, паляпшаюць сон, а таксама трымаюць нармальную вагу цела.

Вось якраз кетадыета да падобных прафіляктычных умяшаньняў не адносіцца.

Наша парада

Задаволенасьць жыцьцём і добрае здароўе дасягаюцца з выкарыстаньнем розных прадуктаў без перагібу ў нейкі адзін бок. Не забывайце есьці рознакаляровую садавіну і гародніну, арэхі, семкі сланечніку, расьлінны алей, часам, пры магчымасьці, рыбу, няхай і ў выглядзе кансэрваў ва ўласным соку, і, вядома, мясныя прадукты, у тым ліку мяса птушкі.

Разумнае харчаваньне рознымі прадуктамі ў спалучэньні з фізычна актыўным жыцьцём — адзіны на сёньня даказаны шлях да здароўя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG