Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёсьць беларусы, ці іх няма? Разважаюць у новай кнізе Ўладзімера Някляева


Уладзімер Някляеў

У мяне ў руках апошняя кніга прозы Уладзімера Някляева, якую ён назваў «На ўсякім сьвеце». І я ў роздуме.

Я не належу да крыху маладзейшых, хто мысьліць пра сябе ў стылі «я гений, Игорь Северянин» і нясьцерпна раўнуе да старэйшых літаратараў. Больш за тое: я лічу Уладземіра Някляева сёньня першым нашым паэтам. Ён і самавылучыўся, можна так сказаць, і час яго вылучыў. Адбыўся такі адначасовы зрух наперад. Маё адчуваньне можа не супадаць з адчуваньнямі іншых, але кажу, што думаю.

Уладзімер Някляеў, «На ўсякім сьвеце», Кнігазбор 2018
Уладзімер Някляеў, «На ўсякім сьвеце», Кнігазбор 2018

Гэтае маё ўсьведамленьне, што аўтар — майстар, змушае мяне канстатаваць, што я, хутчэй, не скажу нічога новага яму, калі буду зь сябе рабіць крытыка. Таму абіраю больш сьціплую роля: чытача. Мая мэта — паведаміць, як чытач успрымае апавяданьні і прыпавесьці вядомага паэта і празаіка.

Аднойчы Ўладзімер Някляеў чытаў у Горадні ўрывак з раману пра Янку Купалу, над якім пачаў тады працаваць. Мяне будучы твор вельмі зацікавіў. Цяпер на сайце «Нашай Нівы» быў надрукаваны новы вялікі ўрывак, раман закончаны, і я чакаю яго выхаду. А пакуль прыцягнула ўвагу кніга «На ўсякім сьвеце». Што можа азначаць — і на гэтым, і на тым. Прынамсі такую выснову дазваляе зрабіць знаёмства са зьместам.

Жорсткасьць як інструмэнт?

Пісьменьніку трэба быць жорсткім

Нядаўна адзін з гарадзенскіх знаёмых Васіля Быкава сказаў, што той «мысьліў жорстка». Тое ж самае пачынаеш думаць, калі бярэсься за новыя апавяданьні Уладзіміра Някляева. Хаця гэта зразумела: пісьменьніку трэба быць жорсткім, каб жорсткім быў зьмест, гэта адзін з рэцэптаў. Тым жа часам сёньня здаюцца менш цікавымі апавяданьні са сцэнамі з савецкіх часоў, дзе выяўляецца жорсткасьць людзей у жыцьцёвых сытуацыях.

Чаму так? Магчыма таму, што жорсткасьць нашых дзён можа захіляць тое, што было некалі, грунтоўна прызабытае, прыпарушанае пылам памяці. Скажам: гэта новая жорсткасьць, узору ХХІ стагодзьдзя. Хаця — нічога новага пад Месяцам: яна такая ж, цынічная, бязьлітасная. І бязглуздая. Як была пры жывым Сталіне, так і — пры сучасных сталіністах. Пад соўсам неабмежаванага ў часе «праўленьня».

Пад хатнім арыштам

Аўтар дбайна занатаваў час і тэрмін напісаньня кожнага твору. І нават асаблівыя абставіны. У двух выпадках пазначана: «хатні арышт». Замежны чытач, не абазнаны ў рэаліях РБ, апавяданьне «Зьмены сувязяў» можа ўспрыняць як штучна створаную літаратурную сытуацыю: з дапамогай доктара і мэдсястры невядомыя людзі катуюць чалавека ў нейкім сакрэтным месцы. Мы ня можам чытаць твор, скасаваўшы ў галаве кантэкст. 19 сьнежня 2010 году. Гвалт над кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Уладзімерам Някляевым. Яму давялося прайсьці празь пекла. І быў доктар на адной з роляў, які адразу пайшоў на падвышэньне. Жорсткі зьмест. Час напісаньня: люты 2011 году.

І допыты паэтаў здараюцца

Нічога дзіўнага, што Ўладзімер Някляеў, які дбайна вывучаў абставіны гібелі Янкі Купалы, пасьля сваіх выпрабаваньняў прыдумаў пра сьмерць паэта фантасмагарычны раман. Раблю я нечакана для сябе такую выснову. Няма Яжова, няма Цанавы, а «Амэрыканка» ёсьць. І допыты паэтаў здараюцца. Няхай не за вершы, за «палітыку». Але і Купалу не за паэзію допыты ўчынялі. Хаця і за яе таксама. І — падсьвядома — за мову вершаў.

Беларусы каго хочаш пахаваюць…

Някрасаў “уславіў працоўны подзьвіг простага беларуса на будаўніцтве чыгункі”

Другая рэч, «Бары-бэры», была створаная Ўладзімерам Някляевым у наступным месяцы, калі сяк-так паэт мог прызвычаіцца (хаця б у думках) да ўмоваў свайго хатняга арышту. Калі ня здраджвае памяць, я запісваў у той час па тэлефоне інтэрвію зь ім на тэму «паэт і турма» для праграмы «Свабода ў турмах». Сыгнал быў слабы. І ня дзіва: праслушка. Умовы так званага хатняга арышту былі як для не абы-якога дзяржаўнага злачынцы: дома над душой дзень і ноч была ахова.

Як спосаб падтрымаць сябе ў глыбокай дэпрэсіі — напісаць нешта весялейшае. Гэта робіць у аўтар у апавяданьні «Бары-бэры». Трапіўшы ў менскую кватэры, герой апынаецца сярод літаратараў ХІХ стагодзьдзя. Расейскіх плюс Міцкевіча. І размову чуе з беларускім прысмакам. Вось Някрасаў, які ляжыць пасярод пакою ў труне, «уславіў працоўны подзьвіг простага беларуса на будаўніцтве чыгункі». А Міцкевіч гэтага не зрабіў! «Пры мне чыгункі не было», без імпэту агрызаецца той. Бялінскі парыруе, нахіліўшыся над нябожчыкам — «А пры ім не было беларусаў! Але ж ён напісаў! Прадбачыў! Геній!..»

«Як гэта беларусаў не было?.. Я сам беларус!», пакрыўдзіўся Міцкевіч. Бялінскі скрывіўся, Дабралюбаў даў ацэнку: «Быў бы беларусам, пісаў бы па-руску! Як Пушкін».

Ці пахаваюць яго ўдзячныя беларусы?

Карацей, атмасфэра як у «Тарасе на Парнасе», толькі служкі пяра замяняюць антычных багоў. Як, зрэшты. І павінна быць на тым Парнасе. А замест Тараса ў нас сучасны грамадзянін Сяўко, якога ўцягваюць у размову. Някрасаў з труны задае каверзнае пытаньне: ці пахаваюць яго ўдзячныя беларусы? Пахаваюць, неахвотна абзываецца Сяўко: «Беларускі народ каго хочаш пахавае. Хоць самога сябе».

З часам яго, аднак, пачынае раздражняць, што рускія з палякамі гаспадараць у кватэры. І да яго даходзіць, што яны ў змове супраць беларусаў. А спачатку яму здалося, што яны змовіліся беларусаў любіць… Як тут не прыгадаць усходняга і заходняга вучоных з «Тутэйшых».

Міндоўг быў таксама жорсткім

Кнігу завяршаюць дзьве прыпавесьці. Аўтар — з Крэва, і ня дзіўна, што прыдумвае сюжэт з крэўскай гісторыі (і ня толькі крэўскай), з часоў, зь якіх захаваліся летапісныя зьвесткі, канкрэтыка. Бо часы былі жорсткія: калі бралі гвалтам замужнюю сястру памерлай жонкі, што прыбыла на пахаваньне, каб потым загінуць ад рукі яе мужа. Папросту гісторыя нальшанскай Алены, штось антычнае ў сюжэце праглядае. Так, мова пра часы Міндоўга. Называецца прыпавесьць — «Лапаціна». Раблю для сябе, аднак, нечаканае адкрыцьцё: беларускія творы пра старыя часы напісаныя нібы адным аўтарам. Ва ўсякім разе, выпрацаваўся нейкі агульны стыль, і вызначыць стылёвыя асаблівасьці, якімі б вылучаліся творы паасобных аўтараў, мне было б вельмі цяжка.

Дзяды ў Багушах

Прыпавесьць «На ўсякім сьвеце» — апошняя рэч у новым зборніку прозы. І ў ёй уся соль назвы самой кнігі. Шэсьцьдзесят старонак, разбудаваныя сцэны «дзядоў» Някляева. Дзе мова зь сямейных адносінаў пераходзіць на размовы пра саміх беларусаў наогул, пра самасьвядомасьць, пра грахі. Спрадвечны грэх: «Падумаць пра тое, чаго хацеў, а як толькі надуманае зьдзейсьнілася, адразу спалохаўся і перадумаў». Так і засталіся няздатныя вырашаць свой лёс самастойна. Агулам. Але былі прыклады, калі рабілі ўчынак: стаць беларусам, калі іншыя адседжваліся ў хмызах.

Трэба зноў нагадаць беларусам, што яны ўсё ж існуюць

Словам: жывыя беларусы ці не, ёсьць яны, ці іх няма? Такія пакутныя думкі вярэдзяць Стася, які прыехаў на Дзяды са сталіцы. І адказу цьвёрдага нібы няма, бо яны самі ўсё азіраюцца наўкола, шукаючы сябе, і ўсё ня вераць, што ёсьць. Як не разумее — на якім жа ён сьвеце — і сам Стась. І пры канцы паяўляецца хлопчык Мацей Богуш, якому, як выходзіць, трэба больш як праз сто год пасьля Мацея Бурачка зноў нагадаць беларусам, што яны ўсё ж існуюць.

І на самыя тыя Дзяды сьцебане па вёсцы Багушы раптоўна нямая маланка, бяз грому. Быццам Бог размаўляў так… І хлопчык Мацей Богуш у захапленьні выгукне спантанна — «Бог сапраўдны беларус!» Ды яго ніхто не пачуе.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG