Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грэцыі двух украінцаў засудзілі на 180 гадоў турмы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Грэцыі двух украінцаў — Сяргея Шваюка і Пятра Літвінчука — засудзілі на 180 гадоў кожнага паводле абвінавачваньня ў незаконнай перавозцы мігрантаў. Пра гэта паведамляе «Слидство.Инфо» са спасылкай на перакладчыка пракуратуры гораду Пірэй Лідзію Косьціў.

«Родныя зьняволеных Шваюка і Літвінчука запэўніваюць, што мужчыны не зьбіраліся ісьці на злачынства і ў такой сытуацыі апынуліся прымусова. Маці Літвінчука распавяла, што яны паехалі ў Турэччыну на цалкам законную працу. Ім прапаноўвалі быць памочнікамі капітана на яхце», — гаворыцца ў артыкуле.

Паводле маці Літвінчука, неўзабаве, ужо ў Турэччыне, працадаўцы прымусілі ўкраінцаў перавозіць на яхце мігрантаў, пагражаючы Літвінчуку і Шваюку фізычнай расправай.

Перакладчык Лідзія Косьціў патлумачыла, што, паводле грэцкага заканадаўства, мужчыны зьдзейсьнілі правапарушэньне адразу паводле некалькіх артыкулаў — незаконнае перасячэньне межаў краіны ЭЗ, стварэньне небясьпекі для жыцьця людзей з-за перагрузкі яхты і адсутнасьць выратавальных сродкаў. У дадатак пры затрыманьні ў Шваюка і Літвінчука не было дакумэнтаў на кіраваньне яхтай.

Грэцкі адвакат украінцаў Захарыяс Кесес растлумачыў, што такія вялікія тэрміны тлумачацца асаблівасьцямі грэцкага заканадаўства. Ён таксама распавёў, што акрамя Літвінчука і Шваюка на яхце былі яшчэ 63 нелегальных мігранты. «Пры абвяшчэньні прысуду за кожнага нелегальнага мігранта могуць дадаваць 10-15 гадоў. Першапачаткова ім пагражала 630 гадоў за кратамі», — падкрэсьліў ён.

Адзін са зьняволеных — Сяргей Шваюк — зьяўляецца музыкам Івана-Франкоўскай групы «Перкалаба».

«Слидство.Инфо» паведамляе, што на такую працу ў Турэччыне ўкраінцаў вярбуюць, часьцей за ўсё, у марскіх рэгіёнах Украіны. «Мы апыталі шэраг сем’яў зьняволеных грамадзян і даведаліся, што ўкраінцам сапраўды прапаноўвалі законную працу і добры заробак на турыстычных яхтах у Турэччыне — каля 2-3 тысяч даляраў.

Калі верыць родным зьняволеных, ніводзін зь іх ня ведаў, што часткай працы будуць перавозкі нелегалаў», — гаворыцца ў артыкуле.

Намесьнік дэпартамэнту консульскай службы МЗС Украіны Васіль Кірыліч у камэнтары «Украінскай праўдзе» зазначыў, што верхняй мяжой за такія правапарушэньні зьяўляюцца 25 гадоў. «Лічбы, вышэйшыя за 25, зьяўляюцца маральна-прапагандысцкімі альбо прэвэнтыўнымі», — лічыць дыплямат. Паводле яго, суд упершыню за апошнія 6 гадоў ужыў найменшы каэфіцыент — 6 гадоў за кожнага нелегала, і гэта дае падставы спадзявацца на далейшае зьмякчэньне пакараньня.

Адвакат асуджаных украінцаў рыхтуе апэляцыю на рашэньне суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG