Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці паскардзіліся на «барбарскі спосаб пратэстаў — прыкормліваньне птушак»


Прыкладна 60 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу сабраліся 22 ліпеня апоўдні на плошчы Леніна ў Берасьці.

Як паведаміла БелаПАН адна з актывістак, тэмай сустрэчы стала абмеркаваньне «калектыўнага ліста» нейкіх жыхароў Берасьця ў гарвыканкам, якія паскардзіліся на тое, што кожную нядзелю на плошчы Леніна праціўнікі будаўніцтва заводу зьбіраюцца, каб карміць галубоў.

«Мы не разумеем, чаму свой пратэст некаторыя грамадзяне выказваюць такім „барбарскім спосабам“ — калі прыкормліваюць птушак на цэнтральнай плошчы. Прыгожы, добраўпарадкаваны куток нашага дагледжанага гораду ў нядзелю ператвараецца ў выспу галубінага бруду, на які стала складана прайсьці са сваімі дзецьмі. Мы і так стаміліся ад правядзеньня розных масавых мерапрыемстваў на плошчы, а тут кожную нядзелю шум, гам», — гаворыцца ў лісьце, аўтары якога просяць улады прыняць меры.

Акцыя анархістаў у Берасьці супраць акумулятарнага заводу. 5 траўня 2018. Скрыншот з ютубканала «Рэвалюцыйнае дзеяньне»
Акцыя анархістаў у Берасьці супраць акумулятарнага заводу. 5 траўня 2018. Скрыншот з ютубканала «Рэвалюцыйнае дзеяньне»

У адказе за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкама Сяргея Жукава гаворыцца, што «прыкормліваньне галубоў і іншых птушак не парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь і не зьяўляецца парушэньнем правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня гарадзкіх тэрыторыяў». «Разам з тым гарвыканкам выказвае заклапочанасьць сытуацыяй, якая парушае спакой жыхароў, экалёгію, а таксама эстэтычны выгляд галоўнай плошчы гораду», — адзначаецца ў адказе Берасьцейскага гарвыканкаму.

Мітынг «Берасьцейцы супраць сьвінцу» — супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр». 29 красавіка 2018
Мітынг «Берасьцейцы супраць сьвінцу» — супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр». 29 красавіка 2018

​Некаторыя ўдзельнікі сёньняшняй сустрэчы на плошчы выказвалі меркаваньне, што «калектыўны зварот» ініцыяваны ўладамі, каб атрымаць дадатковыя рычагі ўзьдзеяньня на праціўнікаў будаўніцтва заводу.

За сустрэчай на плошчы Леніна сёньня назіралі тры чалавекі ў цывільным, якія здымалі тое, што адбываецца, на відэа.

Узьвядзеньне акумулятарнага заводу пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Будуе прадпрыемства ТАА «АйПаўэр» — рэзыдэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА «Аньхойская зьнешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў.

Жыхары Берасьця і Берасьцейскага раёну лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва заводу былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзыдэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу. 17 траўня на гэты адказ была накіраваная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Акрамя таго, 11 траўня на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Берасьця і Берасьцейскага раёну з просьбай вызваліць ад пасады старшыняў берасьцейскіх аблвыканкаму, гарвыканкаму і райвыканкаму ў сувязі са стратай даверу. Тады пад гэтым дакумэнтам падпісаліся 3.226 чалавек. У цэлым такіх подпісаў ужо сабрана прыблізна 4,5 тыс.

Актывісты падавалі заяўкі на правядзеньне ў Берасьці шэрагу акцыяў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Берасьцейскі гарвыканкам санкцыянаваў толькі адну: 29 красавіка мітынг «Берасьцейкі супраць сьвінцу» на ўскраіне Берасьця, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася прыкладна дзьве тысячы чалавек.

Мітынг 29 красавіка
Мітынг 29 красавіка

10 ліпеня група актывістаў падала заяўку на правядзеньне мітынгу «Берасьцейцы супраць акумулятарнага заводу». Акцыю плянуецца правесьці 29 ліпеня на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначаная мясцовай уладай для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва заводу праходзяць на плошчы Леніна Берасьця кожную нядзелю ад 25 лютага.

Праціўнікі акумулятарнага згулялі ў футбол на плошчы ў Берасьці. ВІДЭА

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG