Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі падазраваных у забойстве фігурыста-чэмпіёна Дзяніса Тэна 


Як затрымлівалі падазраванага ў забойстве фігурыста-чэмпіёна
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:38 0:00

Пракурор сталіцы Казахстану, Алма-Аты, Берык Жуйрыктаеў раніцай 20 ліпеня абвясьціў, што паводле падазрэньня ў забойстве казахстанскага фігурыста Дзяніса Тэна быў затрыманы Нуралы Кіясаў 1994 года нараджэньня.

«У прысутнасьці адваката падазраваным дадзены прызнаўчыя паказаньні. Ён зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня», — заявіў пракурор.

Увечары ў пятніцу паліцыя аб’явіла, што затрыманы другі падазраваны, які мае дачыненьне да забойства Дзяніса Тэна: 23-х гадовы Арман Кудайбергенаў.

Дзяніс Тэн
Дзяніс Тэн

Паводле пракурора, асобы падазраваных былі ўсталяваныя пасьля «праверкі паказаньняў відавочцаў і вывучэньня запісаў з камэр вонкавага відэаназіраньня на месцы здарэньня і прылеглай тэрыторыі».

Казахстанскі фігурыст Дзяніс Тэн у чацьвер атрымаў сур’ёзнае раненьне нажом у бойцы ў Алма-Аце і памёр у шпіталі. На фігурыста напалі людзі, якія, паводле вэрсіі паліцыі, спрабавалі зьняць люстэркі зь яго аўтамабіля:

«Тэнам Дзянісам Юрʼевічам былі засьпетыя двое неўстаноўленых асоб пры спробе крадзяжу люстэркаў зь яго аўтамашыны. У выніку ўзьнікла бойка, грамадзяніну Тэну Д.Ю. было нанесена нажавое раненьне», — паведамілі ў паліцыі Алма-Аты.

Спартоўца адправілі ў Цэнтральны клінічны шпіталь, Міністэрства аховы здароўя Казахстану паведаміла, што спартовец страціў «каля трох літраў крыві».

«Гэта велізарная трагедыя, яна не паддаецца асэнсаваньню, не ўкладаецца ў галаве, мы ўсе молімся за выздараўленьне Дзяніса, за тое, каб ён застаўся жывы», — заявіў адразу пасьля нападу міністар культуры і спорту Казахстану Арыстанбек Мухамэдыўлы.

25-гадовы Дзяніс Тэн быў бронзавым прызёрам Чэмпіянату сьвету-2013, прызёрам Алімпіяды ў Сочы і чэмпіёнам VII Зімовых Азіяцкіх гульняў. Таксама ён пяціразовы чэмпіён Казахстану ў мужчынскім адзіночным катаньні.

У траўні 2014 году Тэн з чырвоным дыплёмам скончыў Казахскую акадэмію спорту і турызму. Цяпер атрымліваў ступень MBA у бізнэс-школе пры Казахстанска-Брытанскім тэхнічным унівэрсытэце па праграме «Нафта і газ».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG