Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінпрыроды: золата ёсьць, інвэстараў няма


Золата, медзь, плятыну і ўранавыя руды шукаюць на тэрыторыі Беларусі. Ужо вызначаны ўчасткі, дзе ёсьць праявы золата, плятыны і медзі.

Пра гэта, паводле БелТА, сказаў на прэс-канфэрэнцыі намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня прыродных рэсурсаў, начальнік упраўленьня па геалёгіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Васіль Колб.

Пошукі золата ў Стаўпецкім раёне Менскай вобласьці праводзіліся ў рамках адмысловай праграмы ў 2011–2015 гадах. Пэрспэктыўным названы ўчастак Зуберава, дзе на глыбіні ад 300 да 500 мэтраў выяўленыя праявы золата.

«Гэты ўчастак унесены ў пералік прапанаваных для перадачы ў канцэсію для заключэньня дамовы з канцэсіянэрам аб пошукавых работах і папярэдняй выведцы. Канцэсіянэр пакуль ня знойдзены», — сказаў Васіль Колб.

Усяго перадачы ў канцэсію чакаюць 15 аб’ектаў, апошні быў уключаны ў гэты шэраг у траўні 2018 году. Гэта радовішча гаручых сланцаў Тураўскае ў Столінскім і Жыткавіцкім раёнах. Аднак і на яго няма канцэсіянэра.

Паводле Колба, па чатырох абʼектах, за якія адказнае Мінпрыроды, плянуецца правесьці конкурс. Таксама на тэрыторыі Беларусі выяўленыя праявы медзі і плятыны (на ўчастку Зуберава).

«Ёсьць таксама пэрспэктывы па выяўленьні радовішчаў уранавых рудаў. Плошчы былі выяўленыя яшчэ гадоў 20 таму, але далейшыя работы прыпыненыя, бо яны досыць стратныя і патрабуюць добрага эканамічнага абгрунтаваньня», — сказаў прадстаўнік Мінпрыроды.

Сёлета пачнецца папярэдняя выведка радовішча базальтаў у Пінскім раёне. Паводле Колба, «выяўленае радовішча базальтаў і туфаў назвалі паводле аднайменнага населенага пункту — Навадворскае».

У Берасьцейскай вобласьці ёсьць непрамысловыя запасы бурштыну. Ужо праводзіцца яго пробная здабыча. Здабычу бурштыну і моранага дуба ў Беларусі плянуецца рэглямэнтаваць адмысловым указам.

Тым часам Беларусь плянуе здабываць золата ў Судане. Там ужо зарэгістравана і працуе кампанія з прыватным беларускім капіталам, якую падтрымлівае беларускі ўрад.

У Беларусі знайшлі яшчэ адно невялікае радовішча нафты. Чаму гэта важна

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG