Ізраільскі парлямэнт (Кнэсэт) прыняў раніцай у чацьвер «Асноўны закон: Ізраіль — нацыянальная дзяржава габрэйскага народу», які афіцыйна вызначае Ізраіль як «нацыянальную дзяржаву габрэйскага народу».
Таксама ў законе сьцьвярджаецца, што «рэалізацыя права на нацыянальнае самавызначэньне ў Ізраілі ўнікальнае толькі для габрэйскага народу».
Як паведамляе газэта Haaretz, 62 дэпутаты прагаласавалі за новы закон і 55 супраць. Два заканадаўцы ўстрымаліся.
У законе таксама зьмяшчаюцца палажэньні, у якіх гаворыцца, што «адзіны Ерусалім» зьяўляецца сталіцай Ізраілю і што іўрыт зьяўляецца афіцыйнай мовай краіны.
Арабскай мове, якая раней была раўназначнай іўрыту, прысвойваецца асаблівы статус. У іншым палажэньні закону гаворыцца, што «дзяржава разглядае разьвіцьцё габрэйскіх паселішчаў як нацыянальную каштоўнасьць і будзе дзейнічаць, каб заахвочваць іх стварэньне і кансалідацыю».
Закон быў прыняты пасьля доўгіх дэбатаў, якія пачаліся ў другой палове дня. Заканадаўцы галасавалі па сотнях прапаноў, прадстаўленых апазыцыяй, якія пярэчылі супраць розных частак законапраекту.
Законапраект быў падтрыманы ўрадам Ізраілю яшчэ ў 2014 годзе. Аднак выклікаў нэгатыўную рэакцыю сярод ізраільскіх арабаў, якія складаюць 20 адсоткаў насельніцтва Ізраілю. Насельніцтва краіны налічвае 8 мільёнаў чалавек.
Поўны тэкст першага артыкулу «Асноўнага закону: Ізраіль — нацыянальная дзяржава габрэйскага народу»:
А. Эрэц-Ісраэль (Краіна Ізраіля) ёсьць гістарычная Радзіма габрэйскага народу, у якой нарадзілася дзяржава Ізраіль;
Б. Дзяржава Ізраіль ёсьць нацыянальнаю дзяржаваю габрэйскага народу, у якой ён рэалізуе сваё натуральнае, культурнае, рэлігійнае і гістарычнае права на самавызначэньне;
С. Рэалізацыя права на нацыянальнае самавызначэньне ў Дзяржаве Ізраіль належыць выключна габрэйскаму народу.