Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумнае кардыялягічнае правіла «чатыры чвэрці», або Які ціск лічыцца нармальным


На працягу апошніх месяцаў спэцыялісты ў галіне кардыялёгіі і тэрапіі шырока абмяркоўваюць новыя рэкамэндацыі для дыягностыкі і лячэньня артэрыяльнай гіпэртэнзіі.

Рэкамэндацыі апублікаваныя аднымі з самых аўтарытэтных асацыяцый у гэтай галіне — Амэрыканскім каледжам кардыёлягаў і Амэрыканскай асацыяцыяй сэрца.

«Чатыры чвэрці»

Аўтарытэтныя міжнародныя ўстановы, у тым ліку вышэйзгаданыя, вельмі занепакоены правілам «чатыры чвэрці», які мы вынесьлі ў загаловак. У чым яно заключаецца?

Аказваецца, толькі чвэрць людзей калісьці вымярала свой артэрыяльны ціск. З гэтай чвэрці толькі чвэрць ведае пра тое, што ў іх мае месца стабільна павышаны ціск. У сваю чаргу, з пазасталай чвэрці толькі чвэрць рэгулярна мерае свой ціск, арыентуючыся пераважна на самаадчуваньне. Ну і з гэтай апошняй чвэрці таксама толькі чвэрць рэгулярна прымае лекі для зьніжэньня ціску і дасягае мэтавых яго велічынь.

Гэта азначае, што пра свой стан здароўя клапоціцца мізэрна мала людзей.

Наступствы няўвагі да ціску

Да чаго прыводзіць няведаньне чалавекам свайго ціску і непрыманьне лекаў, каб дасягнуць патрэбных лічбаў ціску?

Цяпер навукоўцы дакладна ўстанавілі, што існуе так званы мэтавы артэрыяльны ціск, гэта значыць да 75 гадоў яго ўзровень не павінен перавышаць 140/90 мм ірт. сл., а пасля 75 гадоў — 150/90 мм ірт. сл. Што адбываецца, калі ўзровень ціску ўсё ж перавышае гэтыя межы?

Тут усё залежыць ад фактараў рызыкі ўскладненьняў артэрыяльнай гіпэртэнзіі. Гэта значыць, што калі ў чалавека разам з павышаным ціскам існуе павышаная вага, цукровы дыябэт, павышаны ўзровень халестэрыну ці іншыя зрухі, то значна павышаецца рызыка такіх ускладненьняў артэрыяльнай гіпэртэнзіі, як інсульт, інфаркт міякарду, хранічная сардэчная недастатковасьць і іншых.

Падманнае «нармальнае» самаадчуваньне

У мэдычнай практыцы і ў побыце часта прыходзіцца назіраць, што ў чалавека з атлусьценьнем на фоне нармальнага самаадчуваньня раптам здараецца інсульт. Вось гэта найбольш распаўсюджанае наступства павышанага артэрыяльнага ціску, пра які чалавек ня ведаў.

Мы яшчэ раз хочам зьвярнуць вашу ўвагу на тое, што павышаны артэрыяльны ціск — гэта ня проста хвароба лічбаў, якія трэба зьніжаць для спартыўнага інтарэсу. Гэта сур’ёзная праблема, якая закранае дзейнасьць усяго ўнутранага асяродзьдзя чалавека, найперш судзін сэрца і галаўнога мозгу, што патрабуе пастаяннага, штодзённага ўжываньня спэцыяльных лекаў для зьніжэньня ціску.

Новыя лічбы нармальнага ціску

Цягам апошніх гадоў (і гэта знайшло адлюстраваньне ў новых дакумэнтах Амэрыканскага каледжу кардыёлягаў і Амэрыканскай асацыяцыяй сэрца) назапасіліся навуковыя дадзеныя, згодна зь якімі нават меншыя лічбы артэрыяльнага ціску лічацца небясьпечнымі у сэнсе прагнозу ўзьнікненьня інсульту ці інфаркту міякарда.

дыягназ «артэрыяльная гіпэртэнзія» выстаўляецца цяпер пры лічбах сысталічнага ціску 130 — 139 мм ірт. сл. і дыясталічнага ціску 80 — 89 мм ірт. сл.

Згодна з новымі рэкамэндацыямі, якія пакуль тычацца толькі Злучаных Штатаў, выдзелена новая зона артэрыяльнага ціску — так званы павышаны артэрыяльны ціск, ці перадгіпэртэнзія, калі лічбы ціску знаходзяцца ў межах 120-129 мм ірт. сл.

Таксама новым зьяўляецца тое, што дыягназ «артэрыяльная гіпэртэнзія» выстаўляецца цяпер пры лічбах сысталічнага ціску 130-139 мм ірт. сл. і дыясталічнага ціску 80-89 мм ірт. сл., што раней лічылася нормай.

Хоць гэтыя новаўвядзеньні пакуль тычацца толькі ЗША, ужо сёньня мэдычная супольнасьць іншых разьвітых краін абмяркоўвае пытаньне мэтазгоднасьці зьмены рэкамэндацый, як весьці пацыентаў з артэрыяльнай гіпэртэнзіяй. З часам гэта закране і нашу краіну.

Нашы настойлівыя рэкамэндацыі

Таму мы даём вельмі настойлівыя парады, якія дапамогуць засьцерагчыся ад магчымых інсультаў і інфарктаў, што найбольш часта суправаджаюць павышаны артэрыяльны ціск:

  • ведайце свой артэрыяльны ціск, мерайце яго. Асабліва гэта важна, калі ён вышэйшы за 140/90 мм ірт. сл. Гэта пасадзейнічае прафіляктыцы сур’ёзных ускладненьняў з боку судзін сэрца і мозгу;
  • калі ціск павышаны, то гэта абсалютнае паказаньне для прыёму антыгіпэртэнзіўных прэпаратаў, што трэба рабіць пад кіраўніцтвам лекара і штодзённа. Ня думайце, што добрае самаадчуваньне ці адсутнасьць адчуваньня павышанага ціску — гэта выздараўленьне, гэта ня так. Усё роўна трэба прымаць пілюлі, што павінна ператварыцца ў свайго роду стыль жыцьця;

Сёньня ўжо можна сказаць і так: веданьне свайго ціску і яго кантроль — гэта ўзровень культуры сучаснага чалавека!

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG