Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вобраз «абсалютнае большасьці» — помнік невядомаму нікому


«Добраўпарадкаваньне» вайсковых могілак у Менску
«Добраўпарадкаваньне» вайсковых могілак у Менску

Гісторык Зьміцер Дрозд зьмясьціў у фэйсбуку здымак помніка на Вайсковых кладах у Менску — са зьбітымі зьвесткамі пра пахаванага — як сымбаль таго «благоустройства», якое праводзіць на могілках спэцкамбінат.

Зьміцер піша: «Вельмі цікавая магіла на “Вайсковых кладах”. Нехта старанна зьбіў з каменя ўсе зьвесткі пахаванага чалавека. І чалавек… зьнік. Хто ён? За што зь ім так абышліся? Думаю, што мы гэтага ніколі не даведаемся…».

Гэтыя думка і вобраз часта прыходзяць мне ў галаву, але не пра могілкі. Шмат шырэй — пра так званую абсалютную большасьць сучасных беларусаў і пра лёс самой Беларусі, яе культуры і мовы.

Гэтыя людзі, якія нібыта дамінуюць у сёньняшнім жыцьці, распараджаюцца лёсамі і маёмасьцю іншых, вырашаюць, што зносіць, што будаваць, глядзяць расейскую тэлевізію і слухаюць рускае радыё («Всё будет хорошо!»), яны насамрэч жывуць ня тут і нават не цяпер. Іх нішто ня лучыць з гэтай зямлёй, яе помнікамі, культурай, далёкімі пакаленьнямі продкаў і заўтрашнім днём — у абсалютнай большасьці сваёй яны нічога гэтага ня ведаюць, а таму, натуральна, ня цэняць. Яны нічым не ўкарэненыя ў гэтай глебе і сыдуць у нікуды, непатрэбныя ў Расеі, але нічым не зачэпленыя і тут. Яны, якія пратэстуюць супраць беларускіх школ, фальсыфікуюць выбары, смажаць шашлыкі ў Курапатах — не заслугоўваюць ні павагі, ні памяці. Бо за што іх паважаць? Што пра іх памятаць? Іх імёны ўжо сёньня зьбітыя зь іхных помнікаў, прычым зьбітыя імі самімі. Хто яны? Беларусы? Назва, якая для іх нічым не напоўненая, нічога ня значыць.

Ці варты памяці той, хто сьцяліўся перад начальствам, прыніжаў іншых, руйнаваў памяць, зьнішчаў прыроду, фэтышызаваў гісторыю? Адзін з такіх фэтышаў — магіла невядомага салдата. Тое самае, што магіла нікога. Ня можа быць салдат невядомым, калі гэта — памяць, а не фэтыш. Гэта помнік салдату, пра якога мы не далі сабе клопату даведацца, бо нам гэта ня так і важна, гінулі мільёны і ўсё такое… Як зьдзеклівы працяг гэтае тэмы, ня ведаю, ці то фэйк, ці праўда, пабачыў здымак зь нейкай расейскай царквы, дзе выстаўленыя «мошчы невядомага сьвятога».

Кожны раз, калі падступае крыўда за гэтую дубаломную русыфікацыю нашай краіны, калі татальна ігнаруюцца законы, калі нехта пачынае прасоўваць да нас свой гібрыдны «русский мир», калі кажуць пра абсалютную большасьць беларусаў (мільёны і ўсё такое), якія гавораць па-расейску і што «ўсё прапала», я думаю пра часовасьць гэтага яшчэ аднаго пакаленьня, якое ніяк не зьвязанае з нашай гісторыяй і культурай, — хоць бы і пра іх папярэднікаў, якія калісьці таксама дамінавалі і вырашалі тут «усе пытаньні», але адышлі біялягічным парадкам бясьсьледна — пазначаныя толькі зьбітымі зьвесткамі на помніках. Тым часам мова, культура, Беларусь засталіся і жывуць, разьвіваючы сваю самабытнасьць у гэтым бяскрайнім сьвеце.

Здымак з фэйсбуку Зьмітра Дразда
Здымак з фэйсбуку Зьмітра Дразда

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG