Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адразу 6 лістоў актывістцы Ніне Багінскай. Пра што пішуць


Адразу шэсьць канвэртаў выцягнула з паштовай скрыні напярэдадні сёньняшняй вахты ў Курапатах актывістка Ніна Багінская. Хто і пра што ёй напісаў?

«Тры ўведамленьні з ДАІ пра штрафы за тое, што стаяла перад аўтамабілямі на гэтай дарозе. Гэтыя нават адкрываць ня буду, бо няма з чаго плаціць. Адна позва ў суд. Відаць, будуць судзіць за пікет салідарнасьці каля КДБ. Туды ў суд хацела пайсьці, каб вярнулі плякат з імёнамі вязьняў за Курапаты, але ўсё ж вырашыла не хадзіць. Напішу новы плякат, калі спатрэбіцца. Яшчэ ліст з Бараўлянскага апорнага пункту міліцыі — выклікаюць, відаць, на размову. А вось шосты ліст — ад дырэктаркі рэстарацыі "Поедем поедим". З гэтым таксама ўсё зразумела — зноў піша, што яны нібыта нічога не парушаюць. Вось зараз пагляджу. Так і ёсьць: "Разьмяшчэньне ў гэтым будынку рэстарана адпавядае заканадаўству", — лічыць дырэктарка. Але гэта не дакладна, бо тут павінна была праходзіць ахоўная зона Курапатаў», — кажа Ніна Багінская.

17 ліпеня актывісты працягвалі пікетаваць рэстарацыю каля Курапат, а супрацоўнікі ДАІ — складаць на іх пратаколы. Вячаслаў Сіўчык з руху салідарнасьці «Разам» кажа:

«На мяне склалі некалькі пратаколаў, нават зьбіўся зь ліку. Сёньня машын няшмат, 2–3 з наведнікамі і некалькі падвозілі прадукты. Прычым цяпер часьцей вязуць прадукты ўжо не фірмовым транспартам, а аўтамабілямі без рэклямных надпісаў. Магчыма, гэта пасьля сутычак апошніх дзён».

Пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў працягваецца з 31 траўня. Актывісты дамагаюцца закрыцьця ўстановы, якая, на іх думку, парушае ахоўную зону мэмарыялу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG