Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэт газонакасільшчыка


Ганна Севярынец

На Гомельшчыне пануе славуты беларускі парадак.

Кажу без іроніі: прыемна было пераадолець па зручнай і дагледжанай трасе адлегласьць ад Гомля да Рэчыцы, і адтуль — дванаццаць зь дзяцінства знаёмых кілямэтраў да Ўнорыцы. Новыя агароджы ля падфарбаваных дамкоў, беленькія ліштвы над вокнамі, сьмешныя — і ад таго кранальныя — бэтонныя яблычкі з ігрушкамі, грыбочкі і багоўкі, буслы з бусьлянятамі ці проста трохкутнічкі з квадрацікамі, у якіх буяюць пэтуніі і аксаміткі. На Ўнорыцы, прыкладам, сельсавет упрыгожыў калодзежы: пафарбаваў у розныя тэмы (дзе кветкі, дзе мора-акіян, дзе сонечны ўзьлесак) і начапіў у дадатак каваныя ўпрыгожаньні: дзе пчолкі, дзе караблікі, дзе камарыкі. Чысьценька. Ну, і пакошана, канешне ж.

Я ведаю, што такі парадачак — гэта зусім не прыкмета таталітарнай дзяржавы, як часам прынята камэнтаваць нашыя пакошаныя бакавіны. Гэта векавечнае, беларускае — парадачак і асаблівасьці ягонага ўсталяваньня.

Дзядзька мой, спадчыньнік унорыцкай маёмасьці, рэгулярна абкошвае бераг Дняпра, на які глядзіць бабіна хата: раней тую траўку-мураўку рвалі людзі бычкам, і яна ніколі не расла вышэй за шчыкалатку, цяпер жа, калі не касіць, страшна будзе хадзіць да ракі зь дзецьмі: усё ж і зьмеі там, і сьмецьце, прыбірацца трэба. «Паглядзі, Анюта, як прыгожа можа зрабіць вакол сябе адзін толькі мужчына са сваімі сынамі!» — хваліцца мне дзядзька прыгожым, дагледжаным пляжам, да якога зьбягае ягоны агарод, зямля, якую топча зь веку ў век незьлічоная колькасьць пакаленьняў падняпроўскіх Севярынцаў.

Цётка Таня з тарасаўцаў калісьці вучыла мяне: «Калі парадак у хаце — дык гэта значыцца, што ў гаспадыні часу зашмат. Гультайка, значыцца. Гаспадыня павінна найперш парадак у гародзе трымаць — палоць, падвязваць, пасынкаваць, парадчыць, бо агарод — то людзі бачаць, тут трэба каб парадачак быў. Гэта ў каго рукі не адтуль растуць — той у хаце топчацца. Сапраўдны гаспадар у хаце не глядзіць».

Франц Вацлававіч, кіроўца грузавога бусіка, дзяліўся аднойчы са мной мудрасьцю: «Што б там ні было ў жыцьці, а ўвечары мая мама апранае прыгожы новы халат і ідзе на вуліцу на лавачцы сядзець. Няхай бачаць усе — добрае жыцьцё. Халацік навюткі, лавачка крэпкая. Брама заўсёды пафарбаваная, клямачка ажно зьвініць».

Як і ўсё ў сьвеце, славуты беларускі парадачак мае свой адваротны бок.

Але пра яго сумна і нудна думаць.

«А ведаеш, Анюта, я люблю, што яны ўсё косяць, хаця і дасталі гудзець, і бэнзіну шкада, канешне, — кажа мой стрыечны гомельскі брат. — Разумееш, тут такая справа... Косяць — значыцца, усё будзе добра. Значыцца, нехта там працуе, думае пра нас. Значыцца, выкараскаемся. Ну калі пакошана».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG