Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пара мастакоў зладзіла пэрформанс падчас «Славянскага базару». Назіральнікі мацюкаліся


Мастачка Тацяна Тур, якая жыве ў Ізраілі, і мастак Алесь Пушкін зь мястэчка Бабра зладзілі ў Віцебску пэрформанс. Ён адбыўся далёка ад цэнтру гораду, дзе шуміць «Славянскі базар» — на далёкай ўскраіне гораду, пад шум дажджу, сярод вялікіх лужын і куч жвіру і друзу.

Гэты жвір і друз ўдзельнікі набіралі ў вёдры і пераносілі з адной кучы ў другую, басанож па лужынах, не сустракаючыся адно з адным нават позіркам. Жанчына ў белай сукні і мужчына ў ільняной кашулі ды закасаных па калена нагавіцах рабілі гэта зацята, як робяць цяжкую, манатонную працу. Перабіраючы друз рукамі перад тым, як накласьці ў вёдры, дзівіліся нечаканым знаходкам: каменьчыкам, керамічным аскепкам і нават жывым кветкам, якія «знаходзілі» сярод бруду...

Пэрформанс працягваўся каля паўгадзіны. Гледачоў было няшмат: чалавек 5 прыйшлі, прачытаўшы абвестку ў Фэйсбуку, яшчэ некалькі гледачоў назіралі за падзеямі з гаўбца бліжэйшага дому. Убачанае яны камэнтавалі няўхвальна, часам пераходзячы на нецэнзурныя выразы.

Тацяна Тур
Тацяна Тур

На думку Тацяны Тур, якраз гэта і дапаўняла пэрформанс. Свае адчуваньні мастачка апісвае з сумам:

«Пакуль я пераносіла гэты друз зь месца на месца, спэцкаўшы белую сукенку, стаміўшыся, я адчувала тое, што назіраю цяпер у Беларусі. Жыцьцё тут цяжкае, часам беспрасьветнае, людзі робяць многа марнай працы, ад гэтага яны робяцца ці злымі, ці абыякавымі. І яны ня ведаюць, як гэта выправіць».

Алесь Пушкін
Алесь Пушкін

Алесь Пушкін ахарактарызаваў тое, што хацелася паказаць гэтым пэрформансам, з трохі большым аптымізмам:

«Усё гэта прыдумала Тацяна, запрасіла мяне да ўдзелу, сама выбрала гэтае месца. Яно, вядома ж, крыху дэпрэсіўнае. Але я хацеў паказаць, што нават самая цяжкая праца ўрадлівая на цуды, трэба толькі іх не прапусьціць. Як наша беларуская глеба — яна цяжкая для таго, хто працуе на зямлі, але на ёй могуць вырасьці прыгожыя кветкі, а ў глыбіні — незьлічоныя скарбы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG