Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп страціў каля 400 тысяч з больш як 53 мільёнаў падпісчыкаў сваёй старонкі на сэрвісе Twitter, пасьля таго як сацыяльная сетка пачала выдаляць заблякаваныя падазроныя акаўнты.
Старонка былога прэзыдэнта ЗША Барака Абамы страціла каля 2 мільёнаў падпісчыкаў, а акаўнт кіраўніка Twitter Джэка Дорсі — каля 200 тысяч.
У сьпявачкі Кэці Пэры зьнікла каля 3 мільёнаў падпісчыкаў са 110 мільёнаў. Напярэдадні сэрвіс мікраблогаў Twitter паведаміў, што на працягу тыдня выдаліць акаўнты, якія раней былі заблякаваныя з прычыны падазронай актыўнасьці.
У Twitter лічаць, што акаўнты належаць рэальным людзям, якія ў нейкі момант страцілі кантроль над імі і не зьмянілі пароль на запыт кампаніі. Гаворка ідзе пра дзясяткі мільёнаў акаўнтаў.
Раней The Washington Post пісала, што Twitter заблякаваў больш за 70 мільёнаў фэйкавых і падазроных акаўнтаў. Па інфармацыі выданьня, гэта зьвязана з выяўленьнем у сацсетцы «расейскамоўных ботаў», якія спрабавалі паўплываць на прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе.