Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі праходзіць чарговы суд за дзедаўшчыну. Гэтым разам — сярод памежнікаў.

На судзе спрабавала высьветліць — хто вінаваты, што рабіць? Ніхто не вінаваты. Прынамсі, зь людзей. «Сыстэма», — упэўнены сваякі абвінавачаных. «І журналісты, якія пішуць пра такія працэсы», — дадалі яны. «Грамадзтва», — паказвае пальцам за вакно ў судзе афіцэр-памежнік. Самі пацярпелыя ня лічаць «дзядоў» вінаватымі. У справе ёсьць адпаведныя паперы. «Вы ім прабачылі?» — пытаецца судзьдзя. «Так!» — з гатоўнасьцю падскочылі салдаты.

«Ня войска іх такімі зрабіла. Гэта яны такія туды прыйшлі!»

У судзе доўга і нудна агалошвалі матэрыялы крымінальнай справы. Мне пашанцавала — побач сядзеў афіцэр з вайсковай часткі, які шэптам камэнтаваў усе паперы, якія пералічвала судзьдзя. «У справе ёсьць аналітычны агляд па становішчы зь нестатутнымі праявамі ў частцы», — агалошвае судзьдзя. «Так, гэта мы рабілі!» — шэпча афіцэр.

«У справе ёсьць пратакол агульнага сходу асабістага складу», — чытае судзьдзя.

«Гэта мы праводзілі сход! Мы ўсё рабілі, каб не было такога!» — горача прамаўляе памежнік.

«У справе ёсьць даведка аб праведзенай псыхалягічнай працы з пацярпелымі», — кажа судзьдзя.

«Так. Нашы псыхолягі працавалі зь імі!» — упэўнівае мяне памежнік.

«У справе ёсьць пляны правядзеньня прафіляктычных гутарак з асабістым складам».

«Гэта наш плян, мы яго складалі, так і было!» (горача шэпча афіцэр).

Згодна з матэрыяламі справы, з салдатамі ладзіліся прафіляктычныя гутаркі «Аб сяброўстве і вайсковым таварыстве», «Аб крымінальнай адказнасьці за нестатутныя ўзаемаадносіны». Афіцэр ківае галавой, пацьвярджаючы — праводзілі!

«Войска — лякмусавая паперка грамадзтва»

Салдатам дэманстравалі прафіляктычны фільм з назвай «Не перайсьці мяжу» на тэму дзедаўшчыны. «Гэта наш фільм, памежнікаў, мы самі яго здымалі і паказвалі! Яшчэ да гэтага злачынства. А яны? Што яны нарабілі? Мы пад подпіс азнаёмілі іх усіх з крымінальнымі артыкуламі за воінскія злачынствы!» — абураецца памежнік.

Ён даводзіць: войска — не вінаватае. «Яны такія прыйшлі туды! Тым больш, войска за год ня можа з чалавека сфармаваць чалавека! Наша галоўная задача — ахова дзяржаўнай мяжы, і ўсе мы ў межах сваёй кампэтэнцыі займаемся гэтым», — шэпча афіцэр.

Што, калі білі? Што гэта дасьць? Арыштуюць тых, хто біў і даўно на „гражданцы“. Тыя скажуць, што іх таксама білі — іншых арыштуюць. Уявіце, якая пойдзе ланцуговая рэакцыя, давядзецца палову краіны пасадзіць у турму!

«У справе ёсьць лісты індывідуальна-псыхалягічнага суправаджэньня салдатаў», — манатонна чытае судзьдзя. «Так, гэта мы рабілі! На кожнага, заўважце, завялі такі ліст. Сачылі за іх псыхалягічным станам, за іх настроем, каб не было суіцыдальных схільнасьцяў, адхіленьняў у паводзінах. Мы ведалі пра іх сваякоў, сяброў, прыяцеляў, іх захапленьні — пра ўсё, што зь імі адбываецца! Гэтыя лісты патрэбныя і важныя, каб бачыць чалавека псыхалягічна ў дынаміцы», — даводзіць памежнік.

Ён шчыра абураецца паводзінамі сваіх былых падначаленых. «Ня войска тут вінаватае! Войска — лякмусавая паперка грамадзтва», — ківае галавой у бок вакна памежнік. На вакне — жалюзі. На жалюзі — прафіляктычная паперка «Рукамі не чапаць!». За вакном — аўтазак. Ля аўтазака — міліцыянты. Ля дзьвярэй — канвой.

На волі быў прэзыдэнцкі стыпэндыят, у войску зрабіўся злачынцам?

Афіцэр за дзьве гадзіны працэсу мяне пераканаў: войска ў дзедаўшчыне не вінаватае. Гэта такія хлопцы трапіліся. Адзінкавы выпадак. Між тым у справе — безьліч характарыстык абвінавачаных. Зь месца жыхарства, вучобы, працы, службы ў войску. Усе — станоўчыя.

«Вопытны, мае арганізатарскія здольнасьці, на крытыку рэагуе правільна, у зносінах ветлівы, гатовы дапамагаць таварышам, мае высокі ўзровень антыкарупцыйнай сьвядомасьці, у разгалошваньні службовай таямніцы не заўважаны, ведае патрабаваньні статуту, свае функцыянальныя абавязкі, умее зразумець сутнасьць і задуму загадаў камандзіраў, прымае ўдзел у грамадзкім жыцьці, падпарадкоўваецца без разважаньняў», — зачытала адну з характарыстык судзьдзя.

Іншая характарыстыка — з «волі», месца вучобы. Зь яе вынікае, што абвінавачаны — адукаваны, выхаваны і ветлівы, граў на баяне і акардэоне, атрымліваў прэзыдэнцкую стыпэндыю па падтрымцы таленавітай моладзі.

І гэтыя не вінаватыя! Ня вырадкі ж нейкія.

Узгадваю свайго дзядзьку, занадта даверлівага, як і я. «Паслухаеш таго па тэлевізары — мае рацыю! Другога — і гэты мае рацыю! Трэцяга — і той таксама!» Дзядзька рабіў вялікія вочы — каму верыць?

Пацярпелыя расьпісаліся, што ня маюць прэтэнзій да сваіх крыўдзіцеляў

У справе ёсьць паперы, падпісаныя пацярпелымі, што яны ня маюць прэтэнзій да «дзядоў». «Вы гэта падпісвалі? Сапраўды? Вы ім прабачылі?» — удакладняе судзьдзя. «Так!» — падскочылі пацярпелыя. Прабачылі.

Судзьдзя зьвяртаецца да абвінавачаных: «А з вамі праводзіліся прафіляктычныя мерапрыемствы, як тут напісана? Праводзіліся? Тады як вы патлумачыце вось гэтыя свае дзеяньні? Ніяк?» Ніяк. Хлопцы ў «акварыюме» апусьцілі галовы.

«Я адпачатку ў войску зразумеў, што калі вінаваты ў нечым адзін — адказваюць усе. Таму так... Думаў, што так умацую маральны дух пацярпелых», — сказаў адзін абвінавачаны.

Вінаватая Сыстэма, якая замкнула ланцуг. Выратуе кароткае замыканьне

На ганку суду адчула на сваёй скуры, што значаць словы абвінавачанага «калі ў нечым вінаваты адзін — адказваюць усе». Толькі наадварот. Тут вінаватыя былі ўсе — адказвала я адна. «Гэта праз вас усё, журналістаў! Пішаце, пішаце! Хіба вы праўду пішаце? Што яны — такія злачынцы, як вы ўсе панапісвалі?» — накінуліся на мяне сваякі абвінавачаных. Яны даводзілі, што я і калегі ня ведаем праўды. У адказ хацелася накінуць на плечы плашч у рымскім стылі з чырвоным падбоем, ускочыць на лаўку і закрычаць голасам Пілата: «А што такое праўда?» Да Санмі-451 з фільму «Воблачны атляс», якая казала, што «Праўда-ісьціна заўсёды адна», мы яшчэ не дарасьлі.

Сваякі папікалі мяне, што я, відаць, «адкасіла» ад войска. «Вось каб вы служылі, то ведалі б, якія рукі сінія, калі „прабіваюць лася“, а ў пацярпелых не было такіх пашкоджаньняў, згодна з экспэртызай!» — тлумачылі яны.

Можа, і іхніх хлопцаў білі пасьля прызыву, таму так? «А хто вам праўду скажа? Білі, ня білі... Што, калі білі? Што гэта дасьць? Арыштуюць тых, хто біў і даўно на „гражданцы“. Тыя скажуць, што іх таксама білі — іншых арыштуюць. Уявіце, якая пойдзе ланцуговая рэакцыя, давядзецца палову краіны пасадзіць у турму!» — разважалі сваякі абвінавачаных.

Яны ўпэўненыя: хлопцы, «можа, у нечым вінаватыя», але ня так, як гэта падаецца — гэта першае. Другое — вінаватая Сыстэма. Тая, што замкнула гэты ланцуг. Нас выратуе толькі кароткае замыканьне.

А зь людзей ніхто не вінаваты. Ніхто. Нават я. Бо таксама здолела ў размове са сваякамі абвінавачаных спрытна «пераключыць стрэлкі» на калегаў. Яны пісалі абы-што. Я пішу толькі праўду.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

У справе салдата Коржыча, які загінуў у войску, будуць судзіць толькі сяржантаў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG