Амэрыканская дасьледчая кампанія Pew Research Center апублікавала дадзеныя сацыялягічнага апытаньня, праведзенага сярод 2 тысяч жыхароў ЗША, на тэму: «Які прэзыдэнт зрабіў найлепшую працу за ўсё вашае жыцьцё?» У адказе на пытаньне рэспандэнты мусілі назваць два прозьвішчы — самага лепшага і другога паводле ацэнкі.
31% апытаных палічылі найлепшым амэрыканскім прэзыдэнтам у іх жыцьці Барака Абаму. На другое месца яго паставілі яшчэ 13% рэспандэнтаў.
Пасьля Абамы апытаныя высока ацанілі Рональда Рэйгана: 21% апытаных паставілі яго на першае месца, і 10% — на другое.
На трэцім месцы — Біл Клінтан (13% і 19% адпаведна).
Дзейнага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа назвалі найлепшым за ўсё іх жыцьцё прэзыдэнтам 10% удзельнікаў апытаньня. На другое месца яго паставілі 9% рэспандэнтаў.
Дасьледчая кампанія адзначае, што ўзровень папулярнасьці Абамы моцна адрозьніваецца ў розных узроставых групах. Калі сярод рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 22 да 37 гадоў амаль кожны другі паставіў яго на першае месца (46% апытаных), то ва ўзроставай групе ад 73 да 90 гадоў толькі 11% назвалі Абаму безумоўна найлепшым.
У ацэнках Трампа такога выразнага кантрасту няма, але пэўны ёсьць. Сярод «міленіялаў» (22-37 гадоў) яго лічаць найлепшым прэзыдэнтам у іх жыцьці 12%, у астатніх узроставых групах — 8-9%.
Клінтана называюць найлепшым прэзыдэнтам таксама часьцей маладыя амэрыканцы: ён найлепшы прэзыдэнт у іх жыцьці для 18% самых маладых — 23-37 гадоў, і толькі 6% — сярод самых старэйшых — 73-90 гадоў.
А ў Рэйгана — адваротная прапорцыя. Толькі 8% моладзі (22-37 гадоў) бачаць у ім найлепшага прэзыдэнта ў іх жыцьці. Праўда, варта ўлічваць, што ладная частка гэтай групы нарадзілася пасьля яго сыходу зь Белага дому. Пры гэтым у групе 38-53 гадоў Рэйгана найназвалі лепшым прэзыдэнтам у іх жыцьці 33%.
Беларусам пра найлепшага прэзыдэнта ў іх жыцьці задаваць пытаньне не выпадае. У іх самы лепшы - ён жа і самы горшы. Бо толькі адзін ужо амаль 24 гады.