Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводка ў Японіі забрала жыцьці амаль 200 чалавек

Моцная сьпякота і дэфіцыт вады выклікалі асьцярогі з нагоды магчымай успышкі захворваньня ў пацярпелых ад паводкі раёнах на захадзе Японіі. Колькасьць загінулых ад самай сур’ёзнай прыроднай катастрофы за апошнія 36 гадоў наблізілася да 200, паведамляе Reuters.

Больш за тыдзень таму звыш 200 тысяч хатніх гаспадарак пазбавіліся доступу да пітной вады, пасьля таго як праліўныя дажджы прывялі да паводак і апоўзьняў на захадзе Японіі, якія прынесьлі сьмерць і разбурэньні ў паселішчы, пабудаваныя на горных схілах і ў поймах.

Колькасьць загінулых дасягнула 195 чалавек. Паводле дадзеных уладаў, некалькі дзясяткаў чалавек лічацца зьніклымі без вестак.

Пацярпелыя сем’і разьмяшчаюцца ў школьных спартзалях і іншых эвакуацыйных цэнтрах, але дзённая сьпякота звыш 30 градусаў і высокая вільготнасьць пачынаюць прыводзіць да страт.

Больш за 70 тысяч вайскоўцаў, паліцэйскіх і пажарных разьбіраюць абломкі ў пошуках зьніклых бязь вестак.

Некаторыя групы зьбіраюць гразь у мяшкі і складаюць іх у грузавікі. Іншыя выкарыстоўваюць экскаватары і бэнзапілы, каб прабрацца праз апоўзьні і зламаныя будынкі.

Многія раёны пакрытыя слоем гразі, якая сьмярдзіць, як сьцёкавыя воды, і засыхае на гарачыні, што яшчэ больш ускладняе пошукі.

Экспэрты кажуць, што катастрофы, выкліканыя праліўнымі дажджамі, сталі больш частым зьявай у Японіі, і зьвязваюць іх з глябальным пацяпленьнем. Дзясяткі людзей загінулі ў выніку паводак, выкліканых аналягічнымі дажджамі летась.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG