Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы спадзяецца, што Ўкраіна і Грузія будуць чальцамі NATO


Анджэй Дуда

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда спадзяецца, што Ўкраіна і Грузія «раней ці пазьней» будуць ня толькі партнэрамі і саюзьнікамі NATO, але і паўнапраўнымі чальцамі альянсу.

Пра гэта польскі лідэр заявіў 11 ліпеня, прыбыўшы на двухдзённы саміт NATO ў Бруселі.

«Я вельмі рады, што нашы сябры з Грузіі і Ўкраіны будуць прысутнічаць на размове аб іх дачыненьнях з Паўночнаатлянтычным альянсам. Я на гэта разьлічваю і спадзяюся, што раней ці пазьней яны будуць часткай Паўночнаатлянтычнай супольнасьці ў поўным сэнсе гэтага слова. Ня толькі ў сэнсе партнэрства, а проста стаўшы чальцамі альянсу» — сказаў Дуда.

Прэзыдэнты Грузіі Гіоргі Маргвэлашвілі і Ўкраіны Пятро Парашэнка 12 ліпеня возьмуць удзел у пасяджэньні Паўночнаатлянтычнай Рады NATO на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, адной з тэмаў якога будзе бясьпека ў чарнаморскім рэгіёне.

На саміце NATO ў Бухарэсьце ў 2008 годзе Грузія і Ўкраіна не атрымалі Пляны дзеяньняў для сяброўства (ПДС), але кіраўнікі краін NATO тады запэўнілі, што аднойчы Грузія і Ўкраіна будуць чальцамі NATO.

Напярэдадні сёлетняга брусэльскага саміту генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрґ яшчэ раз падкрэсьліў, што альянс праводзіць палітыку адкрытых дзьвярэй.

Паўночнаатлянтычны альянс 9 сакавіка заявіў, што прызнае імкненьне Ўкраіны быць паўнавартасным чальцом гэтай арганізацыі.

28 лютага прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што разглядае магчымасьць прапісаць у Канстытуцыі імкненьне Ўкраіны ўступіць у ЭЗ і NATO.

Паводле яго, імкненьне да сяброўства ў Эўразьвязе і NATO можна было б зафіксаваць у прэамбуле да Канстытуцыі, для чаго дастаткова падтрымкі дзьвюх трацінаў складу Вярхоўнай Рады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG