Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нас 7,6 млрд, мы пераважна гараджане і імкліва старэем. 10 фактаў пра насельніцтва Зямлі


Токіё

11 ліпеня ў сьвеце з ініцыятывы ААН адзначаецца Сусьветны дзень насельніцтва. Мэта адзначэньня — прыцягнуць увагу да праблемы імклівага росту колькасьці жыхароў плянэты. Сёлета асаблівая ўвага будзе нададзеная рэпрадукцыйным правам — у адзначэньне 50-годзьдзя залічэньня сямейнага плянаваньня ў лік правоў чалавека.

Рэпрадукцыйныя правы

  • Мяркуецца, што у 214 мільёнаў жанчын у краінах на шляху разьвіцьця застаецца незадаволенай патрэба ў сучаснай кантрацэпцыі, а жанчыны з найбяднейшых 20% насельніцтва плянэты ня маюць належнага доступу да мэдычных паслугаў, зьвязаных з сэксуальным жыцьцём і дзетанараджэньнем.
  • Амаль палова зь меркаваных 56 мільёнаў абортаў, выкананых штогод у сьвеце, робяцца ў небясьпечных умовах, што прыводзіць кожны год да сьмерці як найменей 22 800 жанчын. Гэта выклікана недаступнасьцю кантрацэпцыі, строгім заканадаўствам аб абортах і адмоўным стаўленьнем грамадзтва да спыненьня цяжарнасьці.
  • 95% родаў сярод дзяўчат-падлеткаў адбываюцца ў краінах на шляху разьвіцьця.

Рост гарадоў

  • Насельніцтва Зямлі складае 7,6 мільярдаў людзей. Чакаецца, што да сярэдзіны стагодзьдзя яно вырасьце да 10 мільярдаў і дасягне 11,2 мільярда да канца ХХІ стагодзьдзя.
  • У гарадах жыве больш людзей, чым у сельскай мясцовасьці. У 2018 годзе доля гарадзкога насельніцтва складае 55% — у параўнаньні з 30% у 1950 годзе. Да 2050 году гэты паказьнік мае вырасьці да 70%.
  • Найбольш урбанізаваныя рэгіёны сьвету — Паўночная Амэрыка (82% гарадзкога насельніцтва), Лацінская Амэрыка і краіны Карыбскага басэйну (81%), Эўропа (74%) і Акіянія (68%).
  • Азія урбанізаваная прыблізна на 50%, тым часам як Афрыка застаецца пераважна вясковым кантынэнтам (насельніцтва гарадоў складае 43%).
  • У Афрыцы і Азіі жыве каля 90% сельскага насельніцтва сьвету. Найбольш сялянаў жыве ў Індыі — 893 мільёны і ў Кітаі — 578 мільёнаў.
  • Найбуйнейшы горад сьвету — Токіё (37 мільёнаў жыхароў), за ім ідуць Дэлі (29 мільёнаў) і Шанхай (26 мільёнаў).
  • Насельніцтва сьвету імкліва старэе. Людзі 60 гадоў і старэйшыя складаюць 12,3% насельніцтва плянэты, да 2050 году гэты паказьнік мае вырасьці амаль да 22%.

Крыніцы: UN Population Division, UN Population Fund, Guttmacher Institute

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG