Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я абрынуў рэйтынг ФІФА, а што карыснага зрабіў ты?» — флэшмоб у падтрымку лёзунгу «Слава Ўкраіне!»


Менш за суткі спатрэбілася ўкраінцам і іх прыхільнікам для таго, каб абрынуць рэйтынг старонкі ФІФА ў Facebook пасьля таго, як Міжнародная фэдэрацыя футболу аштрафавала харвацкага футбаліста Огнена Вукоевіча на 15000 швэйцарскіх франкаў за «неспартовыя паводзіны» празь відэа са словамі «Слава Ўкраіне!», у якіх убачыла палітычны падтэкст.

​Акцыя ў інтэрнэце, дзе карыстальнікі ставілі старонцы ФІФА найніжэйшую адзнаку, таксама стала адказам некалькім міжнародным выданьням, якія назвалі лёзунг «Слава Ўкраіне!» «нацыяналістычным». Між тым карыстальнікі заяўляюць аб тым, што частка акаўнтаў, зь якіх пакінулі нэгатыўную ацэнку для ФІФА, атрымала папярэджаньне ад адміністрацыі Facebook праз «анамальную актыўнасьць».

Цяпер з афіцыйнай старонкі ФІФА зьнікла магчымасьць пакідаць адзнаку.

Прэзыдэнт Фэдэрацыі футболу Ўкраіны Андрэй Павэлка заявіў, што фэдэрацыя гатовая прадставіць дадатковую аргумэнтацыю і тлумачэньні адносна значэньня вітаньня «Слава Украіне!» і кампэнсаваць Вукоевічу памер штрафу, а таксама прапанаваць працу ў Фэдэрацыі футболу Ўкраіны.

Па стане на 14:00 10 ліпеня рэйтынг старонкі ФІФА ў Facebook быў на адзнацы 1,1 бала з магчымых 5.

Сярод тых, хто далучыўся да флэш-мобу, але паставіў старонцы ФІФА ў Facebook тройку, а не адзінку, як прадугледжваў флэш-моб, апынуўся і генпракурор Украіны Юры Луцэнка. Некаторых карыстальнікаў гэта абурыла.

У суботу, 7 ліпеня, пасьля перамогі Харватыі над Расеяй у чвэрцьфінале Чэмпіянату сьвету гульцы харвацкай зборнай апублікавалі відэазапіс, на якім Вукоевіч сказаў, што прысьвяціў гэтую перамогу Ўкраіне, а абаронца зборнай Дамагой Віда вымавіў: «Слава Ўкраіне». Гэте выказваньне, якое ва Ўкраіне стала слоганам Эўрамайдану, некаторымі пракрамлёўскімі расейскімі СМІ былі расцэненае як падтрымка ўкраінскіх нацыянальных сілаў.

Пасьля гэтага дысцыплінарны камітэт ФІФА вынес фармальнае папярэджаньне Дамагою Віду за сказаную ім фразу, але сур’ёзнага пакараньня футбаліст не панёс. Сам Віда заявіў журналістам, што яго выказваньні былі не палітычнымі, а ўсяго толькі жартам, прызначаным для ягоных калег па ўкраінскім клюбе.

Член трэнэрскага штабу зборнай Харватыі Огнен Вукоевіч у панядзелак быў афіцыйна адхілены ад працы на Чэмпіянаце сьвету ў Расеі: ён выгнаны са штабу і пазбаўлены акрэдытацыі на турніры. У дачыненьні да Вукоевіча ФІФА таксама адкрыла дысцыплінарнае расьсьледаваньне.


«Харваты заўсёды былі здраднікамі» — пракамэнтаваў футбол расейскі сэнатар родам з Ашмяншчыны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG