Лінкі ўнівэрсальнага доступу

75 савецкіх помнікаў зьнясуць у Польшчы да канца 2018 года


Помнік Чырвонай Арміі ў горадзе Бельска-Бяла на паўднёвым захадзе Польшчы
Помнік Чырвонай Арміі ў горадзе Бельска-Бяла на паўднёвым захадзе Польшчы

Польскі Інстытут нацыянальнай памяці рэкамэндаваў уладам краіны зьнесьці сёлета 75 помнікаў, зьвязаных з Чырвонай арміяй, савецкімі партызанамі і ваеннапалоннымі, якія былі пабудаваныя пасьля Другой сусьветнай вайны.

Пра гэта паведамляе «Коммерсантъ» са спасылкай на сьпіс помнікаў, прадстаўлены выданьню польскім бокам.

У дакумэнт уключаны помнікі з 13 польскіх ваяводзтваў. Некаторыя зь іх ужо дэмантаваныя. Толькі чатыры зь іх разьмешчаныя ў буйных гарадах — гэта помнік падзякі Чырвонай арміі, усталяваны ў Скарышеўскім парку ў Варшаве, два абэліскі ва Ўроцлаве і мэмарыяльная шыльда ў Лодзі. Астатнія знаходзяцца ў правінцыйных невялікіх гарадах і вёсках.

Помнікі, разьмешчаныя ў месцах пахаваньня савецкіх салдат, зьнесеныя ня будуць — на іх распаўсюджваецца дзеяньне міжнародных канвэнцый і дамоваў паміж Расеяй і Польшчай аб пахаваньнях «ахвяраў войнаў і рэпрэсій». Падобных могілак у Польшчы прыкладна 700.

Па словах афіцыйнага прадстаўніка Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Ганны Боча, Варшава прытрымліваецца думкі, што дакумэнт тычыцца толькі абароны могілак і мэмарыяльных комплексаў і не распаўсюджваецца на сымбалічныя помнікі «братэрства па зброі» ці падзякі Чырвонай арміі.

У 2017 годзе прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ўхваліў папраўкі ў закон аб забароне прапаганды камунізму ці іншага таталітарнага ладу ў назвах будынкаў і аб’ектаў. Яны прадугледжваюць знос помнікаў савецкай эпохі. На тэрыторыі Польшчы, па розных ацэнках, знаходзіцца 469 такіх абʼектаў, з іх 250 прысьвечаны Чырвонай арміі.

Масква рашуча пратэстуе супраць разгорнутай на дзяржаўным узроўні ў Польшчы кампаніі па зносу помнікаў савецкім воінам. Афіцыйны прадстаўнік расейскага МЗС Марыя Захарава заявіла з гэтай нагоды, што такія дзеяньні нявечаць «нашу сумесную гісторыю». Намесьнік міністра абароны Расеі Павел Папоў 6 ліпеня камэнтуючы рашэньне аб зносе манумэнтаў і абэліскаў, заявіў, што Польшча ў першым паўгодзьдзі 2018 года стала лідэрам па колькасьці актаў вандалізму ў дачыненьні да савецкіх помнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG