Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раскрыты буйны канал пастаўкі наркотыкаў у Беларусь. Затрыманы 31 чалавек


Знойдзеная наркатычная сумесь. Фота Сьледчага камітэту sk.gov.by

На закансьпіраваным складзе пад Менскам знайшлі 14 тон сумесі для вытворчасьці наркотыкаў. Кошт тавару ацэньваецца ў 700 тысячаў даляраў.

Сьледчы камітэт расьсьледуе крымінальную справу датычна 31 чалавека. Яны падазраюцца ў тым, што з сакавіка 2015 па верасень 2017 года ўвозілі ў Беларусь і распаўсюджвалі ў краіне наркотыкі — макавую саломку.

Усе падазраваныя члены арганізаванай злачыннай групы затрыманыя і знаходзяцца пад вартай. Паводле МУС, бізнэс стварылі неаднаразова судзімыя раней грамадзяне.

Наркатычныя сродкі пастаўляліся з Украіны, Літвы, Польшчы і Расеі. Звычайна, ляснымі сьцежкамі, радзей — праз афіцыйныя пункты пропуску пад выглядам харчовых дадаткаў або ўгнаеньняў.

Далей сумесь і саломку дастаўлялі на закансьпіраваны склад і шукалі пакупнікоў сярод опіюмных наркаманаў. Падчас ператрусаў у абвінавачаных знайшлі ня менш за 14 тон сумесі, у якой зьмяшчаецца каля 14 кг макавай саломы — сыравіны для прыгатаваньня наркотыка. Кошт тавару праваахоўнікі ацэньваюць у 700 тысяч даляраў.

Кіраўніком групы лічаць 48-гадовага мужчыну. Удзельнікаў злачыннай арганізацыі абвінавачваюць па ч. 1 арт. 285 КК (Стварэньне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй; пагражае ад 5 да 13 гадоў), ч. 4 арт. 328 (Незаконны абарот наркатычных сродкаў; ад 10 да 20 гадоў) і ч.3 арт. 328-1 КК (Незаконнае перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу наркатычных сродкаў; ад 7 да 12 гадоў).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG