Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вайсковай частцы ва Ўруччы памёр афіцэр. Пасьля траўмы яго адвезьлі дахаты, а не ў лякарню


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У 120-й асобнай мэханізаванай брыгадзе, якая знаходзіцца ў вайсковым гарадку ў Менску, загінуў 29-гадовы афіцэр-капітан Аляксей Мензурэнка.

Як паведамляе партал Tut.by, ён упаў на тэрыторыі парку тэхнікі, атрымаў траўму галавы. Аднак быў дастаўлены не ў мэдычную ўстанову, а па месцы пражываньня — у інтэрнат. Там вайсковец і памёр.

«Што зь ім канкрэтна здарылася, дакладна ніхто ня ведае, здаецца, была гематома. Цела Аляксея пяць дзён праляжала ў моргу», — распавяла сваячка загінулага афіцэра.

Да трагедыі Аляксей Мензурэнка жыў у пакоі ў інтэрнаце. Яго маці Сьвятлана ўжо прыяжджала з Оршы ў Менск на размову да сьледчага.

«Адвезьлі ў інтэрнат, паклалі ў пакоі і папрасілі суседку прыглядаць за ім»

«Калі ўсё здарылася, Лёшу адвезьлі не ў бальніцу, а ў інтэрнат, паклалі ў пакоі і папрасілі суседку прыглядаць за ім. Яна прыходзіла ў 23.00 29 чэрвеня, ён яшчэ быў жывы, спаў, а раніцай 30-га — ужо мёртвы», — распавяла Сьвятлана.

Ускрыцьцё паказала, што ў яго «тупая траўма галавы».

«Ніякіх падрабязнасьцяў ня ведаю: ён сам упаў, яго штурхнулі ці ўдарылі. Чаму дзіцяці не аказалі мэдычную дапамогу?» — кажа Сьвятлана.

Пакой у інтэрнаце, дзе жыў Аляксей, апячатаны.

Паводле кіраўніка прэс-службы Міністэрства абароны Ўладзімера Макарава, афіцэр памёр 30 чэрвеня, знаходзячыся дома, у інтэрнаце. «Прычыны сьмерці высьвятляюцца кампэтэнтнымі органамі», — сказаў палкоўнік Макараў.

У траўні гэтага году пракуратура Менску знайшла парушэньні ў 120-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгадзе, якая знаходзіцца ў ваенным гарадку ва Ўруччы. Анкетаваньне паказала, што ў брыгадзе ёсьць нестатутныя адносіны, паведаміла Генпракуратура.

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка таксама служыў у 120 асобнай мэханізаванай брыгадзе — з 1980 па 1982 год быў афіцэрам на пасадзе намесьніка камандзіра 2-й мотастралковай роты па палітычнай частцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG